Аўтарскае апісанне праекта:
Вялікая і важная частка майго дзяцінства прайшла ў невялікай, даўжынёй у адну вуліцу, вёсцы на паўночным усходзе Беларусі. Яна размешчана ў літаральным сэнсе паміж лесам і ракой.
З космасу той вёскі і прылеглых да яе ландшафтаў растуць мае карані. Там я дзіцем спазнавала жыццё і смерць, цыклічнасць усяго, прыгажосць прыроды і неспасціжнасць нізкага зорнага неба. Пакуль я расла, людзі ў вёсцы паміралі ці з'яжджалі ў гарады, і вось там амаль нікога не засталося. Агароды зараслі быльнікам або баршчэўнікам, яблыні састарэлі і пакрыліся мохам, дамы глядзяць пустымі бяззубымі вокнамі. У 2010 годзе я рабіла першыя спробы здымаць партрэты людзей з вёскі, а потым з'ехала ў Маскву. У 2012 годзе я вырашыла з'ехаць жыць у іншую краіну і разумела, што, напэўна, гэта надоўга. Мне захацелася зрабіць важны для сябе дакумент, разгледзець і захаваць важныя для мяне выявы. З успамінаў, пачуцця прыналежнасці і сваяцтва з людзьмі з роднай вёскі і ўзнік фотапраект "Паміж лесам і ракой".