Аўтарскае апісанне праекта:
Два гады таму я даведалася, што мая мама зрабіла аборт.
Калі я стала распытваць яе, мама казала неахвотна, амаль шэптам. "Аборт" — табуяванае слова для многіх жанчын у Беларусі. Яны імкнуцца яго не прамаўляць ці замяніць іншым словам, амаль ніхто з жанчын не прызнаецца, што мае такі досвед.
У Беларусі не забаронена перарыванне цяжарнасці да 12 тыдняў. З 12 да 22 тыдня аборт можна зрабіць толькі па медыцынскіх і сацыяльных паказаннях. У сярэднім на 100 родаў прыпадае 23,5 аборта, прыкладна 40% жанчын перарываюць цяжарнасць па эканамічных прычынах.
Але кожны год у Беларусі праходзяць тыдні без абортаў, а згодна з апошнімі праўкамі ў законе аб ахове здароўя, урач можа адмовіцца перарываць цяжарнасць, калі яна не пагражае жыццю і здароўю жанчыны. У горадзе Лагойску гэтым правам скарысталіся ўсе ўрачы.
"Паміж правам і сорамам" — гэта гісторыі жанчын, якія зрабілі аборты па розных прычынах. У кожнай — свая гісторыя, якую яна будзе ўспамінаць на працягу ўсяго жыцця: трагедыя ў Чарнобылі, гвалт, ранняя цяжарнасць, цяжкія роды, дыябет, страх застацца адной, здрада мужа, матэрыяльныя цяжкасці.
Амаль усе жанчыны не хацелі паказваць свой твар. Але ўдзел у праекце для іх — магчымасць быць пачутымі. Тэма абортаў — не толькі пра выбар “нараджаць ці не”, гэта пра адносіны жанчыны і мужчыны, пра становішча жанчыны ў грамадстве.