Аўтарскі каментар:
Праект "Спадчына" – гэта рэчыўнае адлюстраванне нашага беларускага жыцця сёння.
У Беларусі не надзяляецца належнай увагі захаванню помнікаў архітэктуры, і пабудовы, што нясуць гістарычную каштоўнасць, сыходзяць у нябыт. Помнікі архітэктуры - гэта культурная спадчына гарадоў і іхніх жыхароў, і зараз яны разбураюцца без неабходнага догляду, знікаюць пад сучаснай забудовай. Праблема іх захавання неверагодна важная.
У пагоні за бясконцым спажываннем, мы знішчаем моцныя дамы, што дасталіся нам у спадчыну, робім "еўрарамонты", атачаем сябе кітайскімі рэчамі, вытрасаючы на звалку бабуліны куфры, выкідаючы дыхтоўную мэблю, хатняе начынне, замяняючы каштоўныя і добрыя рэчы на танны масмаркет. У спажывецкім грамадстве пашыраная мода на пастаянныя пакупкі. Прычым большая палова з іх не з'яўляюцца для нас жыццёва неабходнымі. Нас пераканалі, што магчымасць купляць усё больш розных зручна-прыгожых рэчаў - гэта добра і сучасна.
На кожным чалавеку ляжыць вялікая адказнасць за выбар, які ён робіць; за тое, якімі справамі, думкамі, рэчамі ён насычае сваё жыццё; якім справам і рэчам надае каштоўнасць. Бо наш штодзённы выбар на карысць тых ці іншых рэчаў фарміруе выбар грамадства, нацыі, пакалення. Наш штодзённы выбар наўпрост звязаны з захаваннем нашай спадчыны.
Назва праекта напісана лацінскімі літарамі, такім чынам атрымліваецца гульня словаў, і ў "Spadchina" прысутнічае слова China (Кітай). Адна з рэчаў, ужытых у праекце, была знойдзена на звалцы.