22 чэрвеня — 2 жніўня 2018
22 чэрвеня 2018 г. а 19:00 галерэя сучаснага мастацтва «Ў» адновіць сваю працу на новым месцы. Мы радыя, што разам з вамі – мастакамі, калегамі, гледачамі ды іншымі ўдзельнікамі мастацкага працэсу, усімі, хто цікавіцца сучасным мастацтвам, – нам наканавана напоўніць жыццём новую прастору і надаць ёй форму. Мы хочам па-ранейшаму паказваць мастацтва, якое хвалюе і ўздымае пытанні, пра якія мы ў мітусні дзён не задумваемся, пагружае нас у фармальныя і эстэтычныя пошукі мастакоў, патрабуе ад нас інтэлектуальных высілкаў альбо прапаноўвае свае варыянты дзеянняў, якія мы як свядомыя і неабыякавыя суб’екты можам супрацьпаставіцьвар’яцтву нашага часу.
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» заўсёды з’яўлялася важнай пляцоўкай мастацкіх і адукацыйных праектаў. Доўгатэрміновым праектам «БЕЗ ВЫКЛЮЧЭННЯЎ!» галерэя сучаснага мастацтва «Ў» адкрые серыю выставаў, у якія мы часткова накіруем свой позірк назад, на тое, што было зроблена намі цягам апошніх год, і накідаем рысы будучага развіцця, ствараючы свой як бы гіпатэтычны
праект музея сучаснага мастацтва.
Праграмны выраз выставы адкрыцця – даванне прасторы выказвання значным, але часцяком грамадска недаацэненым праектам, перыферыйным пазіцыям сярод мастацтва Беларусі, а таксама супольнасцям, якія знаходзяцца па-за бачнасцю большасці. На новым месцы галерэі мы, нарэшце, рэалізоўваем сваю мару аб стварэнні даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю.
У межах выставы пройдуць дадатковыя мерапрыемствы на любы густ, праграма якіх будзе анансавана асобна.
Удзельнікі праекта:
Ірына Ануфрыева
Андрэй Бусел
Уладзімір Грамовіч і Генадзь Грак
Алеся Жыткевіч
Аляксандр Камароў
Аляксей Навумчык
Воля Сасноўская
Антаніна Слабодчыкава
Выстава:
Валянціна Кісялёва
Ганна Чыстасердава
Куратарская падтырмка:
Лена Прэнц
Куратарскі тандэм:
Міхаіл Гулін
Элтадж Зейналаў
Суправаджальная праграма і майстэрні:
Ганна Карпенка
Сафія Садоўская
Мы хочам, каб галерэя «Ў» стала месцам для ўсіх без выключэнняў!