На выставе «Past Garden» прадстаўлены творы беларускага мастака Рамана Камінскага (1988), якія сталі вынікам працы мастака з асабістымі пачуццямі апошніх месяцаў. Як і многія беларусы, Раман перажыў двайную эміграцыю пасля расейскага ўварвання ў лютым 2022 года. У той час ён ужо жыў у Кіеве, пазней пераехаў у Грузію, а потым у Францыю. Да гэтага дадалася асабістая трагедыя — страта маці, на пахаванні якой ён не здолеў прысутнічаць з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
У сваёй мастацкай практыцы Раман Камінскі сінтэзуе тэхнікі і колеры розных стыляў і эпох. Яго творчасць — гэта пастаянны эксперымент з выкарыстаннем розных медыяў (жывапіс, графіка, скульптура, музыка, танец), але галоўнай тэмай застаецца штодзённасць і яе псіхалагізм.
У працах, прадстаўленых на выставе, важным з'яўляецца кантрапункт паміж тэматыкай і спосабам рэалізацыі. Гэта датычыцца надзвычай вусцішнага і напоўненага болем зместу твораў, які кантрастуе з яркай, насычанай колеравай гамай. Менавіта гэты кантрапункт стварае расколiну, якая з'яўляецца нібы парталам да пакутлівых эмоцый мастака. Сам партал узмацняецца маштабнасцю твораў, дамінантная манументальнасць якіх, як метафара сілы ўнутраных траўматычных і драматычных перажыванняў, уплывае на аўтара і гледача.
Усе працы з гэтай серыі былі створаны ў рамках рэзідэнцыі ў французскім горадзе Фантэўро, дзе мастак атрымаў будынак сярэднявечнага касцёлу з каменнымі сценамі, фактура якіх адбілася на палотнах. Ствараючы аўтапартрэты, Раман літаральна пагружаўся ў пачуццё ўласнай траўмы, прэпараваў яго, а на апошніх этапах малявання ўпрыгожваў яркімі кветкамі.
Калі перафразаваць словы мастака, гэты збор твораў — яго пошук і спроба пазбегнуць уласнага болю. У працэсе мастацтва стала для яго тэрапеўтычным рытуалам.