Выбраныя даты:
18 траўня 1969
Нарадзіўся ў Салігорску (БССР, сёння Рэспубліка Беларусь).
Скончыў 8 класаў салігорскай сярэдняй школы і паступіў у прафесійнае вучылішча, дзе вучыўся на электрыка, адначасова наведваючы мастацкую школу. Пасля заканчэння школы працаваў на салігорскіх саляных шахтах.
1990
Пасля няўдалай спробы паступіць у Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут Алег Елізараў прайшоў падрыхтоўчыя курсы і паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Ужо на першых курсах Елізараў адрозніваўся добрай падрыхтоўкай, усе класічныя мастацкія заданні выконваў з вялікім майстэрствам. Малады мастак стаў выкарыстоўваць мінімум фарбаў, эксперыментуючы з дабаўленнем розных матэрыялаў: мелу, цэменту, жэлаціну, такім чынам прыйшоўшы да свайго "белага стылю".
1995
Пры напісанні дыплома мастак канчаткова вызначыўся з аўтарскім почыркам. У тым жа годзе стаў лаўрэатам "Арт-сесіі" ў Віцебску.
Пасля абароны дыплома маладога мастака запрасілі ў Полацак. Алега Елізарава накіравалі працаваць па размеркаванні ў Дзіцячую мастацкую школу, дзе ён поўнасцю раскрыў свой стыль і тэхніку. Спачатку ён жыў у інтэрнаце, пабудаваным для працоўных мясцовага прадпрыемства, а затым перасяліўся ў майстэрню.
Менавіта ў полацкі перыяд канчаткова сфармаваўся своеасаблівы стыль аўтара, у большасці яго прац асноўным кампазіцыйным элементам была полацкая архітэктура, белы, святочны настрой горада – калыскі беларускай дзяржаўнасці. У Полацку Елізараў заснаваў аб'яднанне маладых мастакоў "Белы Круг".
2000
Пасля пяці гадоў працы Алегу Елізараву прыйшлося пакінуць майстэрню і пераехаць на малую радзіму ў Салігорск, дзе ён уладкаваўся працаваць у мясцовую мастацкую вучэльню.
5 красавіка 2010
Мастак памёр у дзень закрыцця сваёй апошняй выставы, арганізаванай сябрамі ў Салігорску.