15 жніўня 1972 года Лявон Баразна быў забіты, імаверна з удзелам КДБ. Незадоўга да смерці павінна была адбыцца акцыя пратэсту супраць разбурэння гістарычнага цэнтру Мінска.
Пісьменнік Адам Глобус узгадваў пра тое, як даведаўся пра забойства выбітнага мастака і прапанаваў сваю трактоўку гэтай трагічнай падзеі:
«Лявон Баразна атрымаў удар нажом. З цёмнай аркі ён, моцна хістаючыся, выйшаў у светлы двор, дзе паваліўся і некалькі гадзін праляжаў на зямлі, непадалёк ад сваёй мастакоўскай майстэрні. Суседзі думалі, што мастак проста перабраў са спіртным, таму не выклікалі дапамогу.
Гісторыю пра забойства Лявона Баразны я чуў ад бацькоў. Адной з прычын ягонага забойства была беларуская мова. Канфлікт пачаўся ў кінатэатры «Перамога», дзе ў час дэманстрацыі фільма два бандзюкі прыставалі да маладой жанчыны. Лявон Баразна разам з адміністратаркай кінатэатра спыніў сеанс і выгнаў бандзюкоў з кіназалы. Яны паабяцалі, што пачакаюць Баразну на вуліцы і разбяруцца з ім і з ягонай беларускай мовай. Пасля сеанса яны напалі на мастака каля кінатэатра. Магутны Баразна надаваў кухталёў дробным нахабам. Яны пачалі ўцякаць. Ён пабег за імі. Бандзюкі забеглі ў арку, што на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Адзін з іх прабег арку наскрозь, а другі схаваўся за выступ у сцяне, каб ударыць Баразну нажом у спіну. Бандыт здзейсніў свой намер і забіў аднаго з самых яркіх культурных дзеячаў тагачаснай Беларусі.
Для мяне ў бацькоўскім апавяданні вельмі важным было тое, што Лявон Баразна пацярпеў за мову. Яго забілі не толькі за тое, што бараніў жанчыну ад гвалту, забілі за нашу мову».
А вось як тагачасныя падзеі ўзгадвае Зянон Пазняк:
«15 жніўня 1972 года яго забілі ў цэнтры сталіцы, як стала зразумела, у выніку распрацоўкі савецкага КГБ па барацьбе зь беларускім нацыяналізмам. Забойцы – два браты-крымінальнікі, расейцы, дзеці палкоўніка КГБ, які займаўся аховай Дому ўраду. Суд і камуністы ўсяляк стараліся выгарадзіць забойцаў, каб прысудзіць ім меншы тэрмін. Асноўны забойца адмовіўся даваць паказаньні і цьвердзіў увесь час толькі тры словы: «Я сын Сталіна». Яго гэтаму падвучылі, інакш бы шмат што адчынілася.
Забойства Лявона Баразны ўскалыхнула тады нас усіх. Гэта была вялікая страта для Беларусі. Яго магіла, як і магіла Каліноўскага, і сотняў іншых ахвяраў Масквы, засталася неадпомшчанай, і гэты сьпіс павялічваецца».
– © "50 гадоў ад забойства лідара руху нацыянальнага адраджэння", 15-08-2022, Ганна Ермаковіч, Новы час