Да ўдзелу ў выставе былі запрошаныя мастачкі з Польшчы, Беларусі і Макаа. Большая частка прац была створана спецыяльна для выставы. Ольга Анна Маркоўска, родам з Падляшша, засяроджваецца на тэме адносін чалавека з лесам, у тым ліку на перапрацоўцы беларускіх народных песень, прысвечаных прыродзе. Катажына Сянкевіч, якая належыць да беларускай меншасці ў Польшчы, раскрывае гісторыю сваёй сям'і, звязаную з ткацтвам і беларускай культурай. Ураджэнка Макаа Кейт Нган Ва Ао распавядае аб асаблівым спосабе бачання гісторыі з тэрыторый, размешчаных «на сутыкненні» розных, часта гвалтоўных сіл і культур. Рыса, што абʼядноўвае Беларусь і Макаа. Разаліна Бусел – аўтарка паэтычнай інсталяцыі, якая спалучае ў сабе ключавыя атрыбуты чалавечага жыцця і смерці і ў якой прасочваецца сувязь паміж асобнымі тэмамі архіва VEHA. Праца мастачкі і заснавальніцы архіву VEHA Лесі Пчолкі абʼядноўвае тэмы ўсіх раздзелаў архіва. Яны адсылаюць да складаных, часта супярэчлівых элементаў, характэрных для беларускай культуры, якія немагчыма звесці да маналітнага набору нацыянальных знакаў і сімвалаў.
Назва выставы «Хай ззяе» ўзятая з урыўка верша «Жыць» Ларысы Геніюш (1910–1983), беларускай паэткі-эмігранткі і палітычнай дзяячкі, якая жыла ў той час, які адлюстроўвае большасць фатаграфій архіва VEHA. Яе разуменне жыцця прасякнутае найпрасцейшымі пытаннямі: прыналежнасцю да зямлі, лясоў, садоў, сувяззю пакаленняў, памяццю, домам, а таксама верай у лепшае заўтра. Гэта тэмы, якія часта трапляюцца ў прыватных сямейных калекцыях, дзе адлюстраваныя асобныя гісторыі. Сабраныя ў вялікую калекцыю, як архіў VEHA, яны ўтвараюць гісторыю краіны. Гэтая гісторыя паўстае ў версіі простых людзей, пазбаўленай грандыёзных апавяданняў, вядомых імён і дат, якія паўсюдна адзначаюць. Гэта дазваляе дэталёва захаваць праявы мясцовага прыроднага і культурнага асяроддзя шляхам прадстаўлення найбольш універсальных элементаў чалавечага жыцця.