Адной з галоўных формаў свабоднага самавыяўлення ў культурнай прасторы горада стаў стрыт-арт (вулічнае мастацтва). Дастаткова маладая з'ява, якая першапачаткова мае пратэстны характар. Дадзены кірунак уключае ў сябе графіці, некамерцыйныя постэры, трафарэты, розныя скульптурныя інсталяцыі і іншае ў урбаністычнай прасторы. Асноўнай мэтай стрыт-арта з'яўляецца абыгрыванне гарадскога асяроддзя і прыстасаванне розных аб'ектаў пад яе. Мастакам важна ўкласці і данесці свае ідэі да масавай непадрыхтаванай публікі, уцягнуць яе ў дыялог, паказаць разнастайныя сюжэтныя падзеі і прымусіць зірнуць інакш на будзённыя коды.
Культурная сітуацыя ў Беларусі ў значнай ступені вызначаецца савецкім кансерватызмам уладаў і ўсё яшчэ нявырашаным пытаннем нацыянальнай ідэнтычнасці. Зараджэнне стрыт-арта ў Беларусі пачалося з развіцця графіці і адбывалася ва ўмовах дэфіцыту інфармацыі і развівалася шляхам пераймання амерыканскай хіп-хоп культуры.
У гісторыі графіці Беларусі было тры перыяды. Першы адносіцца да 1998–2002 года. У той час было шмат графіці-каманд. У Мінску ў мікрараёне Масюкоўшчына нават была створана "Зала славы" (месцы сустрэчы мастац, дзе дазволена легальна маляваць).
Другі перыяд пачаўся ў сярэдзіне нулявых, калі пачалі актыўна праводзіць графіці-фестывалі. У 2003 і 2004 гадах у Гомелі і ў 2005 у Менску прайшлі міжнародны графіці-фэст Meeting of Styles. Важную ролю ў гэты перыяд адыгралі інтэрнет-рэсурсы, звязаныя з графіці-культурай. Яскравым прыкладам стрыт-арта ў той час былі працы Лёшы Liquid'a, заснавальніка каманды True Stilo і выдаўца аднайменнага графіці-часопіса (адно з першых прафесійных графіці выданняў). Мастак адлюстроўваў мужчынскія твары з надпісамі на англійскай мове.
Трэцяя хваля характарызуецца тым, што мастац усё больш і больш стаў цікавіць менавіта стрыт-арт, а не графіці. Прыцягвала адсутнасць абмежавання ў выглядзе традыцыйнага графіці "мовы", напоўненасць сэнсавай нагрузкай.
У 2002–2005 гадах у Брэсце дзейнічаў гурт CHUIVAM. Гэта была першая каманда ў Беларусі, якая малявала пры дапамозе трафарэтаў. Яны прапагандавалі свае палітычныя перакананні, выкарыстоўвалі трафарэты з анархістычным зместам.
У Рэчыцы ў 2003-2007 актыўна працавала каманда AZ (Grino, RRR, Tame, Urteco). Хлопцы малявалі персанажаў, клеілі постэры. Цікава, што з-за адсутнасці балончыкаў з фарбай яны маглі рабіць работы маянэзам ці кетчупам.
На вуліцах Мінска трафарэтнае мастацтва прапагандаваў гурт by_stencil. Каманда існавала з 2006 па 2008 год, займалася дакументаваннем у жывым часопісе. Гурт дабіўся правядзення выставы трафарэтаў на пласцінках і палотнах у сядзібе Ваньковічаў у Мінску.
У 2011 была створана стрыт-арт супольнасць Signal (праіснавала да 2015 года). Праект арганізоўваў лекцыі і выставы, курыраваў стварэнне муралаў міжнародных і айчынных мастачак, прадзюсаваў новых аўтарак. Каардынатарам праекту быў Алег Ларычаў. Ён таксама браў удзел у арганізацыі арт-праекта Urban Myths у Менску, які наведвалі вулічныя мастакі з розных краін. Быў уключаны ў арганізацыі 13 вялікіх фрэсак па ўсім Мінску. Некаторыя з іх усё яшчэ бачныя сёння і лічацца спрэчнымі. Ён атрымаў ухвалу ўрада на іх, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх маюць сімволіку, якая не адпавядае ўраду. Сярод іх фатаграфія жанчыны, апранутай у чырвона-белыя колеры апазіцыі.
У 2014 годзе ў Мінску ўпершыню адбыўся фестываль Vulica Brazil, арганізаваны Пасольствам Бразіліі ў Беларусі, дзякуючы якому змянілася вуліца Кастрычніцкая.
Беларускае вулічнае мастацтва не мае суцэльнай супольнасці. Мастачкі працуюць незалежна адзін ад аднаго і развіваюцца ў розных кірунках. KD, Дзіма Dream, Жэня Cowek, Марат Tekto - найбольш прыкметныя сучасныя стрыт-арт мастакі.
Беларускія падзеі 2020 года спрыялі новай хвалі вулічных мастац. Публічная прастора была сведкам супрацьстаяння апазіцыі і ўлады. На вуліцах Беларусі з'яўляліся вынікі барацьбы ў выглядзе пратэстных графіці, якія, як правіла, у той жа дзень былі зафарбаваны работнікамі ЖКГ. Цяпер можна назіраць зафарбаванае вулічнае мастацтва ў выглядзе неакуратных квадратаў - гэты феномен атрымаў назву "фупрэматызм". У дадзены момант з-за катастрафічнай палітычнай абстаноўкі ўрад знішчае ўсё больш малюнкаў, робячы горад стэрыльным і невыразным, не даючы вулічнаму мастацтву развівацца.