Уменне бачыць і наглядаць прыгажосць тады і там, дзе яна, здавалася б, робіцца немагчымай, а калі дакладней - робіцца нечым недарэчным, нават ганебным - каштоўная ўласцівасць. Тут няма нічога высокамоўнага, нічога прыземленага - гэта проста аднойчы з табой здараецца. Як моцнае пачуццё, прырода якога - не хімія, а стыхія. Погляд, якім я гляджу і тыя, каго я бачу сваімі героямі, гэтыя вобразы - яны найперш пра мяне і для мяне. У той жа час - мае героі важныя для мяне гэтаксама, як важныя для аўтара ўласныя творы. Людзі гэтыя невыпадковыя: я адчуваю іх, лаўлю адлюстраванні іхніх целаў і твараў у маім персанальным люстэрку. У ім не можа адбіцца абы-хто - нешта мусіць адбыцца: прадчуванне, сінанімічнасць іхняй прыроды з маёй, расцягнуты ў часе або імгненны ўнісон прыгажосці. Каб я магла зайсці ў сябе, спусціцца па доўгіх лесвіцах перажытага і ўбачанага і падабраць да кожнага свой ключ. Напачатку гэты шлях - зачыненыя пакоі з мігатлівым святлом, што прасочваецца ў шчыліну пад дзвярыма. Заўсёды на гэтым шляху - артэфакты, якія не маюць значэння для навакольнага свету і яго жыхароў, але для мяне - гэта сімвалы, галаваломкі, каштоўныя ўспаміны. Так бывае, калі раптам чуеш мелодыю, кранаеш рукаў паліто, зашпільваеш у сукенцы маланку; і яны вяртаюць цябе назад, але ніхто, акрамя мяне, іх не заўважае. Мае героі ніколі не падобныя да сваіх дакументальных копій: у гэтым ператварэнні няма хлусні, павярхоўнага імкнення падаць і падацца лепшым ці лепшай, чым ёсць насамрэч. Гэта проста яшчэ адно трактаванне, альтэрнатыўная магчымасць бачання, як магу бачыць адна я. І калі атрымоўваецца вынесці і данесці - увасобіць, тады дзверы адчыняюцца і, увайшоўшы ў іх, разумееш, што можаш успрымаць прыгажосць без усялякай на тое прычыны, нягледзячы на знешнія фактары і акалічнасці. Яна існуе насуперак. Сацыяльнага, палітычнага, культурнага - сярод іншага. Нават болей, чым горшыя акалічнасці часу і месца, тым ярчэй прамяняць дзверы ўнутры мяне. Выстаўленыя ў кананічнай галерэйнай залі, гэтыя працы не згубілі б сваёй сілы, але расказвалі б тую ж гісторыю, толькі іншымі словамі. Гэтым разам выбар прац для экспазіцыі ў вялікай ступені дыктавала прастора, з якой я намагалася пасябравацца. І адначасова месца само зрабілася пэўным кантрастам і сімвалам нашага часу. У нейкім сэнсе - увасабленнем агульнай безнадзейнасці і маёй асабістай надзеі на прыгажосць, прысутнасць якой я цяпер адчуваю яшчэ больш востра. Прыгажосці Ad libitum.
- 1
- 2
- А
- Б
- В
- Г
- Д
- И
- К
- М
- Н
- П
- Р
- С
- Т
- У
- Ф
- Э