Праект "Усё было па-іншаму" будуецца на не супадзенні гісторыі, дакумента і памяці. Аўтары інтэрпрэтуюць думку аб тым, што аб'екты, выявы і тэксты ў роўнай ступені ненадзейныя. Ці сапраўды дакумент, які застаецца ў нас як сведчанне, можа быць праўдзівым? Ці захоўвае памяць злепак падзеі ці ўвесь час трансфармуе яго, адаптуючы да рэальнасці?
На выставе прадстаўлены фатаграфіі, інсталяцыі, аб'екты і тэкставыя работы мастакоў, якія жывуць у Беларусі, Бельгіі, Польшчы. Межы паміж прыватным і публічным (Ігар Саўчанка, Уладзімір Парфянок), аскепкі савецкай эпохі (Ігар Цішын, Аляксандр Цехановіч), цытаты папулярнай культуры (Міхаіл Гулін), якое выслізгвае «тут і цяпер» (Канстанцін Селіханаў, Наталля Залозная, Марына Сабоўска), умоўнасць смерці (Антаніна Слабодчыкава, Таццяна Радзівілка) становіцца матэрыялам для мастацкага выказвання.
Публічная праграма выставы засяроджана на крытычным асэнсаванні ролі актуальнага мастацтва ў сучасным свеце і накіравана на прамое ўзаемадзеянне з гледачом. У рамках праекта ў НЦСІ для шырокай аўдыторыі арганізаваны лекцыі аб сучасным беларускім мастацтве, майстар-класы, сустрэчы з мастакамі і інтэрактыўныя мерапрыемствы, якія запрашаюць гледачоў да актыўнага ўдзелу.