У поўнай свабодзе і без асаблівых уводзінаў мы паглыбляемся ў псіхалагічныя партрэты пэндзля Віктара і прабіваемся скрозь пласты колеру, спрабуючы зразумець, каго і што мы бачым перад сабой. Творы заклікаюць нас засумнявацца ў дакладнасці нашых інтэрпрэтацый, бо мы нічога не ведаем пра эмоцыі «іншых».
A Little Strange — гэта не суцэльны збор персанажаў з кіно ці фэнтэзі, а спектр персанажаў і іх тэмпераментаў, адлюстраваных у знешне неадназначнай і няўтульнай для ўспрымання манеры. Сюжэты і вобразы паказаных твораў, як добрае арт-хауснае кіно, вядуць гледача да адкрытага фіналу, пакідаючы нявыказанае і сумневы — і след чагосьці чырвонага.
Сутнасць блукае ў дзіўных позах і размытых відах і выяўляецца праз фактурны, дынамічны каларыт твораў мастака. Асяроддзе і час адыходзяць на другі план: у цэнтры ўвагі — свабодная, шчырая размова з героямі. Трэба вытрымаць позірк і ачысціць ад штучнага, каб адказаць на аголеную эмоцыю, якая ўзнікае.
«Мы, людзі, прагнем убачыць сутнасць іншых, спасцігнуць характар іх асоб, зразумець іх пачуцці праз жэсты і міміку: гэта наш інстынкт выжывання. Кожны рух мускула твару выказвае спектр эмоцый, што робіць партрэтны жанр для мяне асаблівым», — разважае пра любімы жанр Віктар.
Кантрасты цёмнага і светлага, ліпкага і чыстага выводзяць з зоны камфорту, правакуючы даследаваць зло і дабро не як палярныя з'явы, а як часткі аднаго цэлага, якое прысутнічае ў кожным героі.
Як бы вы ахарактарызавалі супрацьлеглы вам прадмет? Аддзяліце яго ад чырвонага, вызваліце яго ад сваіх унутраных прадузятасцяў, і вы, магчыма, даведаецеся, што крык - гэта ўсмешка.