Партызанская стратэгія ці "падпольнае" мастацтва вымушаная мера беларускіх дзеяча_к мастацтва. У сярэдзіне дзевяностых у Беларусі ў сферах грамадскага жыцця адбыўся падзел на афіцыйны і неафіцыйны. Гэта прывяло да адсутнасці недзяржаўных культурных інстытуцый, ускладнення працы фондаў і галерэй, замаразкі замежных праграм фінансавання і табуявання нявыгадных для ўрада тэм. Палітычная сітуацыя якая склалася моцна запаволіла развіццё сучаснага беларускага мастацтва. У якасці пратэстнага адказу на абмежаванні незалежныя маста_чкі, архітэктар_кі, пісьменні_цы, рэжысёр_кі, музы_чкі звяртаюцца да ідэі партызанскай стратэгіі. Праводзіліся падпольныя выставы, кватэрнікі. З'яўляліся ідэі рабіць выставы ў лесе, на балоце, у гарадскіх падвалах, на гарышчах. Для дзеяч_ак мастацтва гэта неабходная барацьба за існаванне сучаснага мастацтва.
Прадцечаю партызанскай стратэгіі прынята лічыць праект "Ціхі партызанскі рух" Ігара Цішына, створанага ў 1997 годзе. Менавіта гэты праект адкрыў актыўныя развагі і стварыў спробы пераасэнсаваць ідэалагічную фігуру савецкага змагара – беларускага партызана.
Адной з першай незалежнай платформай для абмеркавання актуальнага і вольнага мастацтва стаў часопіс pARTisan. Ён быў створаны ў 2009 годзе мастаком Артурам Клінавым і ў першым жа нумары быў апублікаваны ім напісаны "Маніфест партызана". У часопісе друкуюцца даследчыя матэрыялы, інтэрв'ю з маста_чкамі, крытычныя артыкулы і філасофскія эсэ. Цяпер гэты праект уключае ў сябе альманах, у калекцыі якога больш за 500 арыгінальных тэкстаў, медыяпраект, серыя альбомаў беларускіх маста_чак "Калекцыя пАРТызана" (выпускаецца з 2009 года) і інтэрнэт-партал (запуск у 2012 год). Пра выбраную назву часопіса стваральнік гаворыць наступнае: “Яшчэ 15 гадоў таму ў Мінску не было ніводнай галерэі, незалежнай пляцоўкі для прэзентацыі найноўшых ідэй і плыняў. Аўтар быў, а “сцэны” не было, не было структуры для распаўсюджвання мастацкага і культурнага прадукта. Таму нашы аўтары карысталіся тымі ж партызанскімі стратэгіямі выжывання і самапрэзентацый. Усё супала. Таму pARTisan хутка стаў культурным брэндам."
Кватэрнікі, "уцёкі за горад", авангардныя плыні, адмова ад прамой крытыкі ў бок мастацкага бунтарства – характарыстыкі партызанскай стратэгіі, якая ўкаранілася ў беларускай грамадскай культуры. Партызанства тоесна паняццю андэграўнднай, падпольнай культуры. Важнай арт-пляцоўкай для распаўсюджвання сучаснага мастацтва стала галерэя, якая якраз насіла тыповую для стратэгіі назву – "Падземка". Галерэя праіснавала з 2004 па 2009 гады, была найважнейшай пляцоўкай для прэзентацыі актуальнага мастацтва, і стала асновай для стварэння новай больш маштабнай інстытуцыі – галерэі сучаснага мастацтва "Ў", адкрытай адразу пасля закрыцця "Падземкі". Галоўнай мэтай галерэі было непасрэднае знаёмства беларускай публікі, як з беларускім сучасным мастацтвам, так і замежным, што ў той час было ўнікальным досведам. Было праведзена больш за 100 выставачных праектаў, уключаючы міжнародныя, якія ахоплівалі практычна ўсе кірункі сучаснага мастацтва. Галерэя "Ў", якая ставіла за мэту прадоўжыць тэндэнцыі, намечаныя работай "Падземкі", з'яўлялася адзінай у Беларусі пляцоўкай з атмасферай свабоднай культуры. Была зачынена ў 2020 годзе.
У 2010 годзе пасля падаўлення пратэстаў супраць фальсіфікацыі чарговых прэзідэнцкіх выбараў і палітызацыяй грамадства наспела неабходнасць змяніць парадыгму ў сістэме беларускага мастацтва ад партызанскіх стратэгій у бок актывістскіх практык, палітызацыі мастацтва, звароту да публічнай прасторы, пратэстных стратэгій, а таксама фемінізму. Такія перамены абазначыў і культываваў Сяргей Шабохін, чыя мастацкая дзейнасць адлюстроўвае гэты пераход ад партызанства да арт-актывізму. Дзеля гэтай мэты мастак запусціў партал пра беларускае сучаснае мастацтва і сучасны тэатр — Artaktivist.
У 2020 годзе на новым вітку палітызацыі грамадства сучаснае беларускае мастацтва сутыкнулася з беспрэцэдэнтнай цэнзурай і практычна поўнай зачысткай і знішчэннем сістэмы незалежнай культуры, што вярнула падпольныя стратэгіі і зрабіла партызанскія практыкі жыццёва неабходнымі.