engrus
  • 1
  • 2
  • А
  • Б
  • В
  • Г
  • Д
  • І
  • К
  • М
  • Н
  • П
  • Р
  • С
  • Т
  • У
  • Ф
  • Ц
  • Э

1

2

А

Б

В

Г

Д

І

К

М

Н

П

Р

С

Т

У

Ф

Ц

Э

Відэа-арт / экранныя медыя

Выбраныя падзеі

Выбраныя серыі твораў

Выбраныя творы

Медыя-арт, створаны на скрыжаванні мастацтва і тэхналогій, уключае ў сябе science art, відэа-арт, саўндарт, эксперыментальны кінематограф і многія іншыя формы.

Відэа-арт (ці экранныя медыя) гэта фармат працы стварэння мастацкіх твораў, выкарыстоўваючы рухомыя малюнкі. Дзякуючы стварэнню новых тэхналагічных інавацый фармат моцна эвалюцыянаваў. Маста_чкі вольныя ў тэхніцы. Могуць выкарыстоўваць відэа-арт, як асобны твор мастацтва пры праецыраванні на экран ці як базу да перформансу, здымаць відэа ці выкарыстоўваць існуючы матэрыял, дадаваць гукі ці эфекты, ужываць мантаж. У відэа-арце прасочваецца ўплыў перформансу і інсталяцыі, тэатра і музыкі, кінематографа і масавай культуры, геймдызайну і лічбавых медыяў.

Раннія досведы відэамаста_чак звязаныя з крытыкай тэлевізійных фарматаў і пародыяй на іх, што з'яўляецца адказам на ўзрастаючы ўплыў тэлебачання. Творы гэтага напрамку прыцягваюць увагу да праблем грамадства, даследуюць творчыя працэсы, чалавечыя эмоцыі і многае іншае.

Як правіла, узаемадзеянне з глядач_камі будуецца лінейна, маста_чкі імкнуцца за межы чацвёртай сцяны, як бы пускаючы публіку ўнутр твора. Часта аўтар_кі карыстаюцца такімі прыёмамі, як мноства экранаў (паліэкраннасць), прызначэнне роляў для гледача ці магчымасць удзельнічаць у творы.

У беларускім мастацтве найбольш заўважнымі піянерамі відэаарта сталі Юры Ігруша, Аляксей Церахаў і Максім Тымінько. Хрэстаматыйным відэатворам з'яўляецца Beguiling Orpheus (2006) – лічбавая опера, створаная Максімам Тымінькам са сваёй камандай. Праект уяўляе сабой жывы оперны спектакль, медыя-арт версію знакамітай барочнай п'есы Крыштафа Вілібальда Глюка “Арфей і Эўрыдыка”. У гэтай інтэрпрэтацыі традыцыйны тэатральны сцэнаграфічны дызайн замяняецца электроннай сцэнаграфіяй, адна спявачка ўжывую выконвае партыю Арфея, усе астатнія персанажы прадстаўлены на відэапраекцыі. Гэта спроба разгледзець праблему растварэння асобы ў цалкам штучным тэхналагічным асяроддзі.

У 2012 годзе ў Мінску быў праведзены міжнародны фестываль-кінакааперацыя незалежных фільммэйкераў – Cinema Perpetuum Mobile. У рамках мерапрыемства ўдзельні_цы здымалі кароткаметражныя фільмы спецыяльна для фестывалю на тэму "вечны рух" (Perpetuum mobile), таксама былі прадугледжаны намінацыі: Perpetuum Ars (вечнае мастацтва), Perpetuum Idea (вечная ідэя), Perpetuum Vita (вечнае жыццё), Perpetuum Adversi (вечная супярэчнасць) і Perpetuum Libertas (вечная свабода). Гэта быў першы беларускі фестываль, які ўключаны ў найбуйнейшую базу даных фестываляў Withoutabox, раздзела IMDb (Internet Movie Database).

У якасці прадстаўнікоў беларускага кіно выступалі: рэжысёр і сцэнарыст, член Еўрапейскай акадэміі кіно Віктар Аслюк; прадзюсар, рэжысёр Юрый Ігруша; рэжысёр, дэкан факультэта экранных мастацтваў беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Павел Іваноў; кіназнаўца, журналістка, выкладчыца БДАМ Галіна Шур; сцэнарыст, драматург, рэжысёр і публіцыст Андрэй Курэйчык. У рамках праграмы фестывалю быў прадстаўлены дакументальны фільм беларускага канкурсанта – “Падземка” Юрыя Ігрушы.

Сёння відэаарт стаў адным з самых папулярных медыя ў маста_чак, вось некаторыя імёны, якія рэгулярна звяртаюцца да гэтага медыя: гурт eeefff, Аляксандр Адамаў, Раман Аксёнаў, Глеб Бурнашоў, Жанна Гладко, Міхаіл Гулін, Марына Напрушкіна, Леся Пчолка, Таццяна Радзівілка, Дар'я Сазановіч, Надзея Саяпіна, Антаніна Слабодчыкава, Ганна Сакалова, Антон Сарокін, Вольга Сасноўская, Сяргей Шабохін, Юра Шуст, Алег Юшко і многія іншыя.

Востры палітычны і эканамічны крызіс у Беларусі, адсутнасць фінансавання, цэнзура зрабілі развіццё сучаснага беларускага кіно і відэа-арта практычна немагчымым. У 2021 годзе была створана беларуская сетка кінематаграфіст_ак (Belarusian Filmmakers' Network), якая падтрымлівае і аб'ядноўвае беларускіх кінематаграфіст_ак не па палітычных, а па прафесійных матывах (у эміграцыі). Галоўная мэта праекта – празрыстасць, эфектыўнасць і інтэграцыя ў еўрапейскую кінаіндустрыю. Сетка імкнецца будаваць будучыню, знаходзіць магчымасць рабіць беларускае кіно актуальным і заўважаным у сусветным маштабе.