Выбраныя даты:
31 кастрычніка 1937
Нарадзіўся ў Менску (БССР, сёння Рэспубліка Беларусь).
1957
Па вайне скончыў Менскую мастацкую вучэльню.
1963
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Ад 1963
Браў удзел у мастацкіх выставах.
З 1965
Сябра Беларускага саюзу мастакоў. Старшыня камісіі БСМ па народным мастацтве.
У 1991 годзе
Разам з Уладзімерам Крукоўскім, стаў адным з аўтараў эталёну гербу "Пагоня", які выкарыстоўваўся як дзяржаўны герб Беларусі да 1995 году.
12 студзеня 2002
Змёр у Менску. Апошнія гады жыцьця Яўгена Куліка былі надзвычай цяжкімі. З гадамі ў яго пачала праяўляцца рэдкая хвароба суставаў. Мастака нібыта скручвала, косткі рабіліся крохкімі. Раз, пасьлізнуўшыся ўзімку, Кулік атрымаў дванаццаць пераломаў. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.
Лістапад 2005
На могілках быў адкрыты помнік Куліку.
-
Вельмі вядомыя яго графічныя нізкі «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны», «Замкі Беларусі», «Храмы Беларусі», «Сьцяжынамі Язэпа Драздовіча», «Паўстаньне 1863 г. у Беларусі». У 1970—80-я гады займаўся кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, і найлепшымі зь іх былі: «Слова аб палку Ігаравым», «Ад гоману бароў» Александровіча, «Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык» М. Багдановіча, «Сонечны клубочак» В. Зуёнка. Сапраўдным шэдэўрам мастака сталася кніга «Песьня пра зубра» М. Гусоўскага.
-
Уладзімер Басалыга:
"Яўген Кулік [быў нібы] ганец, якога ў старажытныя часы высылалі з княскага войска несьці на Бацькаўшчыну добрыя весткі. Кулік прынёс беларусам вестку пра Адраджэньне".
-
Эдвард Людовіч:
"Гэты невысокі, згорблены чалавек з кароткім порсткім прозьвішчам быў з тае вялікае жменькі людзей, якія ўзгадавалі адраджэньне, адваявалі незалежнасьць. Зь вялікае жменькі нацыяналістаў-заснавальнікаў".
-
Сяргей Харэўскі:
"Калі гаворыш пра Куліка, цяжка пазьбегнуць патасу. …Гэтая постаць як гара, будзе вырастаць з году ў год, чым далей мы будзем ад яе адыходзіць. Чалавек згуртаваў вакол сябе бліскучую плеяду беларускае інтэлігенцыі — мастакоў, літаратараў, гісторыкаў, стварыў дзяржаўны герб незалежнае Беларусі. Кулік быў ідэйным цэнтрам супольнасьці інтэлігенцыі. …Тут ён рабіў працу, падобную да той, якую ў Польшчы выконваў рэдактар парыскай «Культуры» Ежы Гедройц. …Кулік назаўжды застанецца сымбалям непадкупнасьці і нязломнасьці, няскоранасьці духу".