У працы “Рэзервовае капіяванне часовых безыменных файлаў” Сарокін працуе з матэрыяламі сямейнага відэаархіва і музычнымі сэмпламі з папулярных рускамоўных трэкаў канца 90-х і пачатку 2000-х . Візуальны шэраг заснаваны на кадрах школьнага выпускнога вечара, рытуалу пераходу з юнацтва да дарослага жыцця. Трэкі і сэмплы, абраныя для перапрацоўкі, адсылаюць нас да часу іх стварэння – часу эйфарыі транзіту, адчування “пачатку чагосьці іншага”, прадчування “вялікіх пераменаў”, якія, здавалася, вось-вось прынясуць тэхналогіі, новы палітычны парадак, новая свабода. Заблюраныя, недакладныя, дэфармаваныя выявы нагадваюць характар самой
памяці – згасальны, няўзгоднены, фрагментарны. Каардынуючы ўспаміны і іх матэрыяльныя ўвасабленні – гук і відэа, – мастак праблематызуе “прывідалогію” ў прачытанні М. Фішара і С. Рэйналдса, ідэю таго, што культура апантаная думкай пра “страчаныя магчымыя варыянты будучыні» і разам з тым страціла свой імпульс наперад, а менавіта забуксавала на перайманні стыляў мінулага і рэтраспекцыі.
Спасылка на плэйліст: youtube.com