engrus
  • 1
  • 2
  • А
  • Б
  • В
  • Г
  • Д
  • І
  • К
  • М
  • Н
  • П
  • Р
  • С
  • Т
  • У
  • Ф
  • Ц
  • Э

1

2

А

Б

В

Г

Д

І

К

М

Н

П

Р

С

Т

У

Ф

Ц

Э

bel Аўтаматычны пераклад

Акцыянізм / мастацтва дзеяння

Выбраныя серыі твораў

Выбраныя творы

Як частка актывістскага мастацтва (глядзі “Актывізм”) акцыянізм дазваляе з дапамогай мастацкіх сродкаў і дзеянняў мастацам перадаваць канкрэтныя паведамленні, якія ўплываюць на існуючую рэальнасць. З'яўленне і распаўсюджванне акцыянізму звязана з жаданнем знайсці новыя спосабы дыялогу з гледачом. Важнай характэрнай рысай з'яўляецца акцэнт не на рэзультат работы, а на працэс стварэння. Гэта дазваляе сцерці грань паміж перформансам, як ідэяй мастака і рэчаіснасцю. У самым цэнтры акцыянізму ляжыць мастацтва дзеяння, дзе мастачка мае ролю і суб'екта, і аб'екта свайго твора. Непрадказальнасць дазваляе трымаць публіку ў здзіўленні. Мастачкі-акцыяністы ў сваёй практыцы актыўна выкарыстоўваюць сродкі масавай інфармацыі для большай агалоскі.

Сацыяльна-палітычныя прычыны былі каталізатарам развіцця акцыянізму як пратэстнага мастацтва. Мастачкі выказваюць сваё меркаванне, пратэстуючы супраць напрыклад састарэлага ладу грамадства, палітычнага рэжыму і іншага. Акцыянізм непарыўна звязаны з палітычным мастацтвам і актывістскімі стратэгіямі.

Важная фігура беларускага актывізму і акцыянізму – Алесь Пушкін – з'яўляецца аўтарам ужо класічнай акцыі “Падарунак прэзідэнту “За пяцігадовую плённую працу!”” (1999). Асноўным элементам якой была чырвоная тачка з гноем, вываленым ля ўвахода ў рэзідэнцыю прэзідэнта. Іншая акцыя ў крамы “Еўраопт” у Крупках – супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі. Натхненнем стаў канфлікт на моўнай глебе, у той жа краме яму адмовілі ў абслугоўванні па-беларуску.

Беларускія падзеі 2020 года далі вялікі штуршок для мастацкага выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі. Адметнай рысай акцыянізму ў Беларусі сталася тое, што яго актыўна пачалі ствараць звычайныя грамадзяне. Паказальнай і адной з самых пераканаўчай акцый з'яўляецца "Мая камера", удзел у якой прынялі сябры і сваячкі затрыманых. Беларускі намалявалі на асфальце контур 6 мясцовай камеры і змясціліся ў намаляваных межах. У руках удзельніцы трымалі плакаты, якія паказвалі гвалт, які здзяйсняецца ў турмах. Мастацкая акцыя наглядна паказала бязмежна жорсткія ўмовы, у якіх знаходзіліся затрыманыя.

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузміч у дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня зладзіў перфоманс "Верую" на выбарчым участку ў Мінску. Прыйшоўшы і ўзяўшы бюлетэнь, ён накіраваўся ў кабінку, адкуль выйшаў у насцегнавой павязцы. На яго грудзях вісеў бюлетэнь з намаляваным чырвоным фалічным сімвалам. На яго ступнях і далонях былі сляды чырвонай фарбы. У такім выглядзе ён прастаяў паўхвіліны ў позе распяцця і з павязкай на вачах. Тую ж акцыю ён паўтарыў яшчэ раз, увечары таго ж дня, перад шэрагам АМАПу. Пра ідэю і мэту свайго перформансу аўтар кажа наступнае: “У гэтай акцыі я разважаў на тэму інстытута выбараў, дэмакратыі як новага віду рэлігійнага культу”.

Акцыя беларускай мастачкі Яны Шостак, якая жыве ў Польшчы, выклікала грамадскі рэзананс, тым самым звярнуўшы ўвагу на палітычны крызіс у Беларусі. Яе перформанс "Хвіліна крыку для Беларусі" замяняе ўсім вядомы сімвалічны рытуал - хвіліны маўчання. Мэта перформансу сваім крыкам паказаць стан беларуса_к. А таксама дае сігнал аб тым, што падзеі набылі такое абарачэнне, што маўчаць ужо немагчыма. Свой працяг акцыя знайшла на ўзнагароджанне пасля перамогі ў конкурсе #PaszportyPolityki. Мастачка выйшла ў сукенку з партрэтамі тысячы палітвязняў Беларусі, а свой выступ скончыла хвілінай крыку для Беларусі, якую падтрымала ўся зала.

1 ліпеня 2020 у галерэі Арт-Беларусь прайшла акцыя "Набытак". Гэта быў адказ на арышт 146 экспанатаў галерэі. Каля 20 дзеячак культуры прымацавалі да футболак выявы карцін і цэлы дзень стаялі каля месцаў, дзе гэтыя карціны віселі раней. Ідэя акцыі належыць Надзеі Саяпінай.

Праект “Гэты плакат можа стаць прычынай майго затрымання” мастачкі Ульяны Няўзоравай стаў важным не толькі грамадзянскім, але і мастацкім актам. Відэа хутка разляцелася ў СМІ. Дзеянні адбываліся ў вагоне метро, аўтарка трымала плакат з аднайменным тэкстам. Была важная рэакцыя пасажырак, яна была зусім рознай: нехта адшморгваў плакат, нехта пракаментаваў “Ганьбу!”, а пад канец відэа незнаёмы мастачцы хлопец разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Гэты праект нясе сур'ёзную канцэптуальную нагрузку, бо быў зроблены ў часы, калі людзей затрымлівалі не толькі за плакаты, але і за белыя лісты паперы на вокнах.

Акцыянізм адносіцца да пратэстнага мастацтва, запытам якога з'яўляецца змены ў грамадстве. Сваімі дзеяннямі мастачкі-акцыяністы паказваюць узровень разумення неабходных перамен у грамадства, прадстаўляючы грамадскія інтарэсы. Развіццё пратэстнага мастацтва дало мастачкам новую прастору для выстаўлення работ, новыя тэмы, новую аўдыторыю і новыя інструменты ўплыву. Гэта, у сваю чаргу, паўплывала на развіццё сучаснага беларускага мастацтва, пашырыўшы звыклыя рамкі.