Перфоманс прайшоў у рамках выставы, адным з арганізатараў якой быў Ілля Ерашэвіч, натхніўшыся такімі выставамі ў іншых краінах. Гэтая экспазіцыя атрымала шырокую агалоску ў японскіх СМІ. У час выстаўкі беларуская дыяспара пісала лісты японскім дыпламатам і паслам еўрапейскіх краін у Японіі. Яе наведалі пасол Літвы, прадстаўнік Чэхіі, Эстоніі, беларусы атрымалі ліст падтрымкі ад канадскага пасольства.
Ілля Ерашэвіч аб выставе і перформансе (крыніца: belsat.eu):
"Гэта была сцяна, якая рэфлексавала падзеі, якія адбываліся ў Беларусі, да і падчас выставы. Там былі дасылкі да сцяны на плошчы Перамен з графіці дыджэяў перамен, была адсылка да беларускага мастака Захара Кудзіна, які рабіў праект ЖКГ-арт – маляваў карціны, натхнёны замазанымі графіці ў Мінску.Я такім жа чынам узнавіў у такійскай галерэі гэты працэс "намаляваў - замазаў - намаляваў зверху замазанага": ствараў пратэстны арт праз напластаванне пратэстнага графіці і яго замазванне як сімвал барацьбы паміж пратэстам і ўладамі. Ідэя была ў тым, што пласты напластоўваліся, але думкі, пратэст заставаліся на сцяне, нікуды не падзеліся, пратэст застаецца пад пластамі гэтай фарбы і заўсёды будзе жыць у людзях.Людзей можна запалохаць, можна саджаць у турмы, забраць у іх голас, каб іх не было чуваць, але ўнутры яны будуць несці свае ідэі, якія проста так не знішчыць, і рана ці позна гэтая фарба аблупіцца, гэтыя думкі выйдуць на волю".
-
"Мая акцыя стала рэакцыяй на шэраг падзей у Беларусі: у калоніі памёр Вітольд Ашурак, скончыў жыццё самагубствам 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, быў затрыманы Раман Пратасевіч, Сцяпан Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе. Усё адбылося адно за адным, я не ведаў, што мне з гэтым усім рабіць, быццам трапіў у нейкі вакуум.У нашай дыяспары тады вырашылі зрабіць перфоманс у падтрымку палітычных зняволеных.Шмат хто кажа, што пасля прымусовай пасадкі самалёта Беларусь становіцца дзяржавай-тэрарыстам.Тады ў мяне ўзнік вобраз для перфомансу на аснове відэа з пакараннем смерцю, якія адпраўляюць тэрарысты. У маім уяўленні гэта вельмі дакладна адлюстроўвае сутнасць таго, што адбываецца ў Беларусі".
-
"Пасля прачытання гэтых імёнаў я крыху па-іншаму на гэта паглядзеў, пераасэнсаваў. Я спачатку хацеў проста замотваць сабе горла, а пасля зразумеў, што іх трэба вызваляць. Таму ў канцы перформансу я перарэзаў вяроўку як сімвал таго, што гэтыя путы можна разрэзаць. На відэа бачна: так, гэта нялёгкая справа, займае час, часам удаецца зрэзаць па адной толькі пятлі, пакрысе, што гэта небяспечна, горла блізка і можна нашкодзіць сабе, могуць быць ахвяры, але разам з тым мы можам гэта рабіць, і гэта трэба рабіць.Гэты перфоманс быў важны для мяне як тэрапія, бо я не мог нічога сказаць, на галаве быў мяшок, у вушах гучалі імёны вязняў, і ўся канцэнтрацыя сышла ўнутр.Потым мне казалі, што людзі побач спыняліся, былі шакаваныя, ніхто не чакаў убачыць на цэнтральнай вуліцы падобнае. Гэтую акцыю асвятлялі японскія журналісты, і нам удалося зноўку нагадаць аб тым, што адбываецца ў Беларусі".