Вызначальная рыса творчага почырку Сімяона Полацкага — энцыклапедызм, гістарычная абазнанасць і інтэлектуальная вытанчанасць. Яго вершы — гэта, пераважна, яркія філасофскія сентэнцыі, мудраслоўі, дыдактычныя павучанні. Творчасць Сімяона Полацкага — арганічны сінтэз літаратуры, філасофіі і тэалогіі, умелае спалучэнне заходняй і ўсходняй патрыстыкі, антычнай і хрысціянскай эстэтыкі.
Як філосаф і майстар мастацкага слова Полацкі сфармаваўся ў культурнай і інтэлектуальнай атмасферы Вялікага Княства Літоўскага. Першыя літаратурныя спробы палачанін здзейсніў у часе навучання ў Кіеве і Вільні. У архівах знойдзены раннія творы Полацкага, напісаныя пераважна на старабеларускай і польскай мовах, прычым ён карыстаўся як кірыліцай, гэтак і лацінкай.
Сімяон Полацкі апублікаваў «Жэзл праўлення» (1667), два аб’ёмныя зборнікі твораў: «Сад шматколерны» (1678) і «Рыфмалагіён» (1680). Ён напісаў і паставіў дзве п’есы: «Прыпавесць пра аблуднага сына» і «Пра Наўхаданосара-цара». Пасля смерці асветніка быў апублікаваны корпус яго казанняў у дзвюх кнігах: «Абед душэўны» (1681) і «Вячэра душэўная» (1683).
Сімяон Полацкі быў прадстаўніком еўрапейскага барока, і яму шмат здавалася ў кансерватыўным рускім асяроддзі дзіўным. Напрыклад, пераследаваліся скамарохі, вандроўныя музыкі, народныя гульбішчы; жанчыны сядзелі ў церамах, нават вывучэнне замежных моў лічылася грахоўным. Усё ж арганізоўваць першую пры царскім двары пастаноўку даручылі менавіта Сімяону Полацкаму. Сімяона Полацкага лічаць заснавальнікам расійскага мастацтвазнаўства. Ён прызнаваў значнасць антычнай міфалогіі, хаця для многіх у той час яна лічылася паганскай ерасьсю, напісаў трактат аб іканапісе.