У 2005 г. дзякуючы ірландскім партнёрам удалося абсталяваць студыю выяўленчага мастацтва ў Псіханеўралагічным доме-інтэрнаце № 2.
Выставы падапечных майстэрні з 2006 года праходзяць па ўсёй Беларусі, а таксама за мяжой. Мэта арганізацыі - паказаць, што чалавек у любым стане варты і спагады, і павагі. У сценах установы Таццяна Біруля таксама арганізавала праект Аўтсайдэр-арт. Акрамя гэтага праекта ў Псіханеўралагічным доме-інтэрнаце № 2 рэалізуюць і іншыя. Сярод іх аркестр, вакальны ансамбль, тэатр, танцавальны калектыў, у якім займаюцца 11 чалавек з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, працуюць сталярная і швейная майстэрні, кулінарны гурток. З верасня 2015 года арт-майстэрня з'явілася і ў Псіханеўралагічным доме-інтэрнаце № 4.
"Мы не прэтэндавалі на тое, каб ствараць творы мастацтва з падапечнымі. Рабілі гэта перш за ўсё для іх рэабілітацыі, каб чалавек адчуваў сябе тут камфортна. Галоўная задача — дапамагчы яму адысці ад сваіх благіх думак, купіраваць агрэсію, нервовы стан. Мы хацелі, каб ён не сядзеў увесь дзень, утаропіўшыся ў сценку або экран тэлевізара, а быў заняты, адчуваў сваю значнасць, раскрываў свой творчы патэнцыял."