Перформансы "Бергамота" можна ўмоўна падзяліць на 3 галіны:
1. Цыкл "Арганічнае жыццё" . Гэта перформансы, прыдуманыя і ажыццёўленыя самімі мастакамі. У самым пачатку ўдзельнікаў групы цікавілі тэмы чалавечай камунікацыі, гендэра і гвалту. "…У процівагу апалагетам механічнага падпарадкавання, якія для забеспячэння эфектыўнасці сваіх дзеянняў маскіруюць імкненне да ўлады ілюзіяй гармоніі, мастакі гурта "Бергамот" зрабілі стаўку на адкрыты, публічна дэманстраваны канфлікт, дэмаструючы такім чынам механізмы ўлады, якія звычайна схаваныя…" (Райнер Фукс) .
2. Перформансы, прыдуманыя мастакамі, але ажыццёўленыя па розных прычынах іншымі людзьмі (ці часткова іншымі людзьмі). З часам удзельнікі групы перайшлі ад праблем чалавечай камунікацыі да больш вузкага пытання - аналізу зменлівасці статусаў "выканаўца/мастак/аўтар" і "глядач": падчас эксперыментаў усе ролі падвяргаюцца сумневу. «…Пазней, падчас перформансаў пачалі адбывацца «падмены» ўдзельнікаў гурта іншымі людзьмі, мяжа паміж перформерамі і гледачом, мастацтвам і жыццём стала размывацца, практычна знікла. З гэтага моманту ў творчасці «Бергамота» на першы план выйшлі пытанні аўтарства, адносіны паміж мастаком і гледачом, выканаўцам, часам ананімным, і аўтарам, творцам і творам….» (Эва Хорнаўска).
3. Цыкл "Арганічная праца" . Гэта перформансы, прыдуманыя іншымі, часта выпадковымі людзьмі, і ажыццёўленыя групай Бергамот. «...У 2010 годзе Маслоўская і Трацюк аб'явілі адкрыты конкурс на ідэю або сцэнарый перформансу і з гэтага часу рэалізуюць работы пераможцаў. Сцэнары ад удзельнікаў атрымліваюць рознымі шляхамі: аб'яўляюць конкурс у інтэрнэце, на афіцыйным сайце гурта і на старонцы ў Facebook, арганізуюць сустрэчы са студэнтамі і акцыі-вечарынкі ў клубах. У цяперашні час гурт радыкальна трансфармаваў сваю мастацкую ідэю, ствараючы перформансы па чужых сцэнарах, фактычна адмовіўшыся ад аўтарства… «Арганічная праца» Вольгі Маслоўскай і Рамана Трацюка закранае праблему сацыяльнай ідэнтычнасці, самавызначэння і змены свядомасці. Група пазначыла межы гульні, у рамках якой адбываецца змешванне роляў і ўзроўняў узаемадзеяння яе ўдзельнікаў…» (Эва Хорнаўска).
-
Выбраныя даты:
1998
Дуэт заснаваны ў Брэсце.
2014
Заканчэнне актыўнай дзейнасці. Раман і Вольга заняліся больш сольнымі кар'ерамі.
2020
Аднаўленне сумеснай дзейнасці.