30 жніўня 1997 году на плошчы Бангалор паэт Славамір Адамовіч дастаў з кішэні голку зь ніткай і зашыў сабе рот на вачах агаломшанай публікі. Перад гэтым, у лістападзе 1995-га, Славамір Адамовіч напісаў верш «Убей президента!», за які быў арыштаваны. Праз 10 месяцаў яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Славамір Адамовіч кажа, што форму пратэсту ён вынес менавіта з турмы:
«Там я пачуў пра гэта і сказаў сабе, што, на жаль, на волі, напэўна ж, гэта давядзецца скарыстаць. Акт зашываньня рота, як і лёзунг „Ня вер, ня бойся, не прасі“, нарадзіў яшчэ ў 1939-я гады вялікі кантынгент савецкіх палітычных зьняволеных у якасьці, я сказаў бы, духоўнага акту супраціву».