Творчасць заслужанага педагога і мастака Сяргея Пятровіча Каткова займае пачэснае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. Яго палотны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расіі, некаторыя набыты калекцыянерамі з Беларусі, Расіі, ЗША, Японіі і іншых краін свету. Многія работы творцы ўвайшлі ў энцыклапедыі і падручнікі па беларускім мастацтве.
Нарадзіўся С. Каткоў у в. Скрыпіцына Калышлейскага раёна Пензенскай вобласці (Расія) у сялянскай сям’і. Скончыў Пензенскі мастацка-педагагічны тэхнікум (1931). Яго настаўнікам быў выхаванец І. Рэпіна вядомы рускі мастак І. Горушкін-Саракапудаў. У 1937 г. С. Каткоў прыехаў у Беларусь, дзе пражыў усё жыццё. У 1937–1971 гг. ён мастак-педагог і кіраўнік мастацкай студыі пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1956–1968), Рэспубліканскай мастацкай школе-інтэрнаце (1963–1965). З 1938 г. з’яўляўся ўдзельнікам мастацкіх выставак. У 1946 г. С. Каткоў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. Ён заўсёды актыўна ўдзельнічаў у справах арганізацыі: уваходзіў у праўленне, узначальваў мастацкія саветы, дапамагаў наладжваць работу ў рэгіянальных аддзяленнях.
Сяргей Каткоў працаваў у станковым жывапісе ў жанрах пейзажа і нацюрморта. Дамінуючым у яго творчасці быў пейзаж – лірычны, эпічны, гарадскі, індустрыяльны. У спадчыне мастака больш за 200 жывапісных палотнаў, каля 300 графічных работ. Найбольш вядомымі карцінамі з’яўляюцца “Восеньскі пейзаж” (1947), “На рацэ” (1959), “Лепельскія азёры” (1961), “Гарадскі пейзаж” (1967), “Сказ аб Бярэзіне” (1970), “Лета. Нацюрморт” (1971), “Хутар Альбуць” (1972), “На Прыпяці” (1973), “Палескія волаты” і “На Бярэзіне” (абедзве 1975). Сяргею Каткову бліжэй поўныя прастору манументальныя вобразы цэнтральнага рэгіёна Беларусі, чым індустрыяльныя пейзажы, якім ён шмат увагі ўдзяліў у 1950-я гг. Карцінам, прысвечаным Мінску, творца імкнуўся надаць ролю мастацкага дакумента, які валодае высокай інфарматыўнасцю пра мнагаслойнае жыццё горада.
Крыніцай натхнення для С. Каткова заўсёды была прырода, якая вабіла яго сваёй разнастайнасцю. Асабліва важнае месца ў творчасці мастака займаюць летнія пейзажы. Іх сюжэты – гэта горад, вёска, лес, парк, возера, рака (“На Сажы” (1961), “Раніца” (1971), “Лясны край” (1975) і інш.). Штогод С. Каткоў апяваў шчодрую, дзівосную пару, вобразы атрымліваліся шматгранныя, выразныя. У яго работах адсутнічае скрупулёзнае выпісванне дэталей, але ў той жа час няма адчування незавершанасці. Кожная з карцін дапаўняе папярэднія і наступныя, што выбудоўвае ланцужок гармоніі гучання ліній, фарбаў, сюжэтаў, настрояў, эмоцый. Тэндэнцыя ўмела спалучаць элементы пейзажа і нацюрморта прасочваецца ў позніх творах майстра “Удалы ўлоў” (1969) і “Добры дзень, Беларусь” (1971). У апошнім мастак зрабіў спробу стварыць абагульнены вобраз роднай зямлі, якую ён любоўна называў “лясной прыгажуняй”.
Асобнае месца ў творчасці С. Каткова займаюць графічныя малюнкі з франтавога жыцця (1943–1944). Асноўнымі жанрамі такіх замалёвак былі партрэт або бытавыя сцэны з жыцця воінаў, партызан: цяжкія дарогі вайны, зямлянкі, паходныя калоны, вызваленыя гарады і вёскі... Каштоўнасць “ваенных” твораў цяжка пераацаніць: яны ўяўляюць сабой дакументы-сведчанні ўдзельніка тых страшных падзей. Упершыню малюнкі экспанаваліся яшчэ ў 1944 г. на выстаўцы ў Каўнасе. Альбом “Франтавыя замалёўкі Каткова” захоўваецца ў Музеі Савецкай Арміі ў Маскве.
Сяргей Каткоў праводзіў вялікую работу па арганізацыі выставак дзіцячай выяўленчай творчасці. Марыў пра музей дзіцячага малюнка. Патраціў шмат сіл на распрацоўку яго канцэпцыі, але здзейсніць задуманае так і не ўдалося. Цяпер пра рэалізацыю мары настаўніка клапоцяцца яго вучні і сябры. У 2006 г. у в. Красны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці быў узведзены мемарыял дзецям, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну і ад чарнобыльскай катастрофы (адзін з аўтараў Л. Левін, вучань С. Каткова). Мастацкая канцэпцыя комплексу ў адной з частак прадугледжвала прастору з мальбертамі, на якіх сімвалічна размешчаны дзіцячыя малюнкі – сціплыя мары пра шчасце і прыгажосць. Матэрыялам паслужылі ў тым ліку работы вучняў С. Каткова, калісьці сабраныя і захаваныя ім.
Цярплівы і ўважлівы настаўнік, С. Каткоў выхаваў цэлую плеяду беларускіх жывапісцаў. Сярод яго вучняў – У. Стальмашонак, М. Данцыг, Н. Шчасная, Л. Шчамялёў, В. Сумараў, З. Літвінава. Сяргей Каткоў стаў заснавальнікам сямейнай дынастыі: яго дачка Святлана Каткова і ўнучка Зоя Луцэвіч зараз таксама знакамітыя аўтары, вядомыя як на радзіме, так і за яе межамі.
Нашчадкі С. Каткова прыкладаюць вялікія намаганні, каб паказаць грамадству найвышэйшы прафесійны ўзровень гэтага адметнага, унікальнага мастака. Яго творчасць па-новаму адкрываецца аматарам жывапісу дзякуючы выстаўкам, якія штогод з поспехам праходзяць у розных гарадах. У студзені 2010 г. у выставачнай зале Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у Мінску адкрылася экспазіцыя твораў С. Каткова “Пейзаж, які ўсміхаецца”.