Невялікая старая валізка са мноствам разарваных фотаздымкаў, была знойдзена на менскім сметніку ў 2017 годзе.
Першым маім жаданнем было скласці і ўпарадкаваць усе гэта, зразумець гісторыю гэтых здымкаў. Але ў працэсе складвання я адчула, што негледзячы на тое, што разарваныя кавалкі збіраюцца ў цэлае, атрыманая выява са мной "не размаўляла". Я не магла мець да гэтых здымкаў ніякіх асабістых перажыванняў, таму што мяне з імі нічога не звязвае. Чаму ад іх адмовіліся - мне невядома, яны страцілі сваіх гаспадароў і праз гэта пазбавіліся сваіх гісторый.
У калажах я выкарыстала матэрыялы знойдзеныя ў Менску, горадзе ў якім я жыву. У гэтага горада складаныя адносіны з захаваннем культурнай памяці. Час, наколькі гэта магчыма, сцірае твар горада ці мяняе яго да непазнавальнасці. Знаходзячы на вуліцы старыя шпалеры, запісныя кнігі, рэчы я думала што і гэта таксама гісторыя, асабістая, інтымная гісторыя горада. Так знойдзеныя рэчы і абрыўкі фотаздымкаў склаліся разам у адзін сямейны альбом горада.
"Альбом", які прадстаўлены на выставе, выкананы ў тэхніцы калажа, сабраны з фрагментаў чужога жыцця, але ўжо з іншымі ўласнымі новымі гісторыямі.
Беларусь. Менск 2018