Гісторыя семінара пачалася каля года таму, калі група беларускіх мастакоў брала ўдзел у сустрэчы Minsk Сonnection у Стакгольме. Абмен творчым вопытам аказаўся плённым для планавання сумесных праектаў, адным з якіх стане прыезд шведскіх медыя-мастакоў у Мінск з прэзентацыямі творчых работ, лекцыямі і майстар-класамі.
NAMM - гэта ініцыятыва па развіццю мастацкага асяроддзя ў інтэрнэт-культуры Беларусі. Мэта семінара - прадстаўленне тэндэнцый і форм мастацтва, звязаных з інтэрнетам, ініцыяванне мастацкіх сеткавых праектаў, заснаваных на камунікацыйных сродках і лічбавых тэхналогіях, развіццё інфармацыйнага асяроддзя сучаснай мастацкай культуры. А галоўная задача - развіццё творчага супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі медыя-мастакамі. Акрамя таго, семінар і творчыя сустрэчы дазволяць зрабіць агляд беларускай культурнай сітуацыі ў інтэрнэце.
Тэма сеткавага мастацтва для такой сустрэчы была абрана дзякуючы дынамічнаму развіццю гэтага мастацкага віду дзейнасці і з-за яе адноснай навізны для беларускай мастацкай сцэны.
Сеткавае мастацтва - з'ява разнапланавая. Гэтае поле сінтэзу розных відаў мастацкіх практык і тэорый, тэхнічных і тэхналагічных рашэнняў, сацыяльнага ўзаемадзеяння і мадэлявання. Развіццё і з'яўленне новых відаў і форм мастацтва зараз часта абумоўлена з'яўленнем новых (напрыклад, тэхнічных) сродкаў і магчымасцяў. Тут складана ўказаць на агульныя прыярытэты і прынятыя мастацкія стратэгіі, таму пытанне дакладнага вызначэння Net-art знаходзіцца на стадыі абмеркавання. Існуюць шматлікія разыходжанні: сеткавае мастацтва, Web-art, мастацтва для Сеткі, мастацтва ў Сеткі - і далей па розных кірунках.
У ходзе семінара праходзілі:
- Прэзентацыі творчых праектаў удзельнікаў.
- Тэарэтычныя выступленні (круглы стол) па наступных пытаннях: аспекты сеткавага мастацтва і мастацтва ў Сеткі; патэнцыял, магчымыя шляхі і стратэгіі развіцця сеткавага мастацтва ў Беларусі, сістэматызацыі мастацкіх сеткавых рэсурсаў.
- Творчыя майстэрні замежных удзельнікаў.
- Стварэнне і планаванне сумесных мастацкіх праектаў.
Арганізатары і падтрымка:
- Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва;
- Ініцыятыўная група навукова-практычнага семінара "Internet-тэхналогіі, Web-дызайн і камп'ютарная графіка" пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце;
- студыя Вока
- Art 375
- галерэя Nova
- CRAC (Швецыя)
- Шведскі Інстытут
- Network Systems ISP