Аляксей Барысёнак і Антаніна Сцебур: "Тое, што парушана, стае адчувальным. Інфраструктуры і салідарнасць па-за межамі постсавецкіх умоў"
31 сакавіка 2023 года ў Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільні адкрыўся выставачны праект "", створаны куратарскім дуэтам Аляксея Барысёнка і Антаніны Сцебур. Канцэпцыя выстаўкі заключаецца ў тым, каб прыцягнуць увагу да інфраструктур (матэрыяльных і нематэрыяльных), якія постсавецкія краіны атрымалі ў спадчыну ад Савецкага Саюза, і прасачыць, як гэтыя сеткі функцыянуюць сёння ў палітычным кантэксце. KALEKTAR распытаў куратара:к аб супрацоўніцтве, планах і аспектах салідарнасці і клопату ў актуальных гістарычных абставінах.
Антаніна Сцебур і Аляксей Барысёнак адкрываюць свой куратарскі праект "Тое, што парушана, стае адчувальным. Інфраструктуры і салідарнасць па-за межамі постсавецкіх умоў" у Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільнюсе, 2023 / © фота: Katsiaryna Miats
:
Раскажыце, калі ласка, пра вашую выставу, якая зараз адбываецца ў Вільні. Якія асноўныя тэмы і чаму яна ўзнімае ва ўмовах складаных сучасных кантэкстаў? Якія менавіта інфраструктуры разглядаюцца ў рамках выставы, як выяўлены іх уплыў і магчымасці іх "падрыву", і чаму на ваш погляд так важна сёння звярнуць на іх увагу?
:
Гэтая паэтычная назва "Тое, што парушана, стае адчувальным. Інфраструктуры і салідарнасць па-за межамі постсавецкіх умоў" насамрэч мае моцны палітычны падтэкст, паколькі гаворка ідзе пра асэнсаванне інфраструктур, і як праз іх адбываецца размеркаванне ўлады, а разам з тым, якім чынам арганізуюцца тактыкі супраціву і лініі салідарнасці ў той тэмпаральнасці і геаграфіі, якую мы ахарактарызавалі як “па-за межамі пас-савецкіх умоваў”. Выстава даследуе палітычны кантэкст экстрактыўных і лагістычных інфраструктур, лічбавых і інфармацыйных тэхналогій, якія пацярпелі ад войнаў і палітычных паўстанняў. У гэтай выставе ёсць свая перадгісторыя. Нас з Аляксеем запрасіла Нацыянальная Мастацкая Галерэя ў 2021 годзе з прапановай асэнсаваць пратэсты ў Беларусі на скрыжаванні міграцыйных працэсаў і інфармацыйных тэхналогій. Мы пачалі думаць аб гэтым, у прыватнасці аб тым, як на інфраструктурам узроўні ўключаны або выключаны асобныя групы. І тут найперш я маю на ўвазе інструменталізацыю тых людзей, якія ўвязнулiся на польска-беларускай мяжы, чый доступ да пераходу гэтай самай мяжы быў закрыты. Да гэтага часу адбываецца жудасная гульня ў пінг-понг дзясяткамі людзей, якія знаходзяцца на мяжы Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі. У той час, як для беларусаў, асабліва дзеля беларусаў з ІТ кампаній існуюць цэлыя праграмы рэлакацыі. Мне здаецца важна думаць аб гэтай структурнай няроўнасці. Мы рыхтавалі выставу, аднак пасля 24 лютага стала зразумела для нас, што мы не можам думаць толькі пра Беларусь, і важна ўключыць галасы мастачак і мастакоў з іншых краін, чые палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя сістэмы былі пабудаваны на руінах савецкіх інфраструктур, і сёння афектаваны вайной і/ці пратэстамі. І для нас было прынцыпова думаць і размаўляць на інфраструктурным узроўні. Гэта значыць, якім чынам адносіны сілы, улады але і супраціву арганізаваны не так асобныя выпадковыя намаганні, а што яны маюць структурную прыроду. Так і з'явілася дадзеная выстава, якая сёння ўключае галасы мастачак і мастакоў з Беларусі, Грузіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Казахстана і г.д.
:
Такія сеткі інфраструктуры, як чыгунка, газаправоды, оптавалакно, каналы Telegram, сістэмы відэаманіторынгу і гэтак далей, застаюцца нематэрыяльнымі ў штодзённым функцыянаванні. У той жа час іх паломка, адключэнне і перапыненне выкрывае працу ўсёй інфраструктуры і іх ўзаемазвязанасць. У літаральным сэнсе ўлада і яе матэрыяльнасць становяцца бачнымі, прыземленымі і ўвасабляюцца праз распад і перапыненне. Даследчыца архітэктуры Келер Істэрлінг даследуе як паняцце інфраструктуры будуецца праз агульныя стандарты і ідэі, якія ажыццяўляюць кантроль ад тэхнічных аб'ектаў да стыляў кіравання. Інфраструктурная прастора заснавана на пратакольных і алгарытмічных разліках. У выставе нас цікавіла два тыпу інфраструктур – інвазійныя (invasive), якія з’яўляюцца матэрыяльным базісам каланіяльнага і экстракцыйнага панавання, і беглыя (fugitive) – якія спрыяюць дэстабілізуючым дзеянням, і паўторнаму збору новых супольнасцяў і магчымым канфігурацыям салідарнасці. Менавіта таму, яны ў цэнтры нашай увагі. З аднаго боку, праз інфраструктурную оптыку, мы можам зразумець, што і як адбываецца з расейскім імперыялізмам і павязанымі з ім аўтарытарнымі рэжымамі, з іншага — мы можам зразумець, як больш эфектыўна ім супраціўляцца.
У гласарый выставы ўведзена таксама актуальнае паняцце "кібервайны" – якім менавіта чынам яно праяўлена ў праекце? І якая ваша пазіцыя як культурных работні:ц наконт вайны, якая адбываецца цяпер ва Ўкраіне? Што на ваш погляд патрабуецца ад нас у дзеяннях і рэфлексіях у сувязі са становішчам Беларусі ў гэтай вайне?
Аляксей Барысёнак:
На думку навукоўцаў Ніка Дайер-Уітфарда і Святланы Мацвіенкі (Святлана ўдзельначала ў публічнай праграме выставы), паняцце кібервайны "падкрэслівае новую цэнтральную ролю ў вайне лічбавых тэхналогій, такім чынам, гістарычна паказваючы на вытокі кібернетыкі з Другой сусветнай і халоднай вайны і наперад да новых узроўняў сетак і аўтаматызацыі, што характарызуе ўсе сацыяльныя адносіны, у тым ліку вядзенне вайны, у дваццаць першым стагоддзі" . Вырашальны каментар адносна характару кібервайны таксама зроблены гэтымі даследчы:цамі — яны адмаўляюцца супрацьпастаўляць "кібер" і "кінэтычную" зброю ў часы складанай асіметрычнай вайны. Яны хутчэй падкрэсліваюць "шляхі, у якіх яны перасякаюцца і дапаўняюць адзін аднаго, пакуль не становіцца цяжка, калі ўвогуле магчыма, адрозніць іх" . У межах сымпозыума мы прапанавалі уважліва паглядзець на адзін з аб'ектаў, які стаіць на гэтым скрыжаванні паміж лічбавымі і кінэтычнымі сіламі вядзення вайны, а таксама знаходзіцца ў цэнтры часовых інвазійных і беглых інфраструктур — гэта чыгуначны шафа кіравання, разбураная беларускімі чыгуначнымі партызанамі. Нам было цікава як сырыя рэчывы — мінералы і металы — трапляюць у сверх тэхналагічную прастору кібервайны; мы хацелі вызначыць іх шлях праз межы, лагістыкі і геаграфіі.
Фрагменты экспазіцыі "Тое, што парушана, стае адчувальным. Інфраструктуры і салідарнасць па-за межамі постсавецкіх умоў" у Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільнюсе, 2023
Вядома, што наша куратарская і грамадзянская пазіцыя антываеная і антыімперыялістачная. Без анты-імперыялізму зараз немагчыма супрацьстаяць вайне, бо пацыфізм будзе захоўваць старыя каланіяільныя гіерархіі. На такім базісе і вялася праца над гэтай выставай – барацьба супраць фашызму і каланіалізму, салідарнасць з Украінай і іншымі прасторамі, каланізаванымі, забруджанымі, зруйнаванымі так званай Расейскай Федэрацыяй. З іншага боку наш падыход таксама паказваў, як эканамічна Расея звязана з Заходней Еўропай і як глыбока гэтыя сувязі бачны на інфраструктруным узроўне.
Наш партал факусіруецца на беларускім мастацтве, а таму маглі б распавесці пра чатыры выказванні створаныя беларускамі і беларусамі ў межах вашай міжнароднай выставы?
Аляксей Барысёнак:
У мультымедыйнай інсталяцыі "" падсумоўвае свае даследаванні па асобных рэльефах Мінска, якія сёння ў асноўным належаць Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Акрамя офісаў розных ІТ-кампаній і стартапаў, тут знаходзяцца Музей камянёў, геалагічны музей пад адкрытым небам і зона адпачынку, а таксама будынкі Акадэміі навук, некаторыя з якіх былі закінутыя і выкарыстоўваліся для рэйваў і панк-канцэртаў з пачатку 2000-х гадоў. З 2005 года гэтыя аб'екты былі часткова пераўтвораны ў ПВТ, які стварае падатковыя паступленні і юрыдычную структуру для развіцця IT-тэхналогій у Беларусі.
© XYANA: відэа-інсталяцыя "Экскурсія па Парку высокіх тэхналогій", 2020–2023
Першапачаткова заснаваны на ідэі аўтсорсінгу высокапрафесійнай ІТ-працы значна больш таннай рабочай сіле ў Беларусі, ён ператварыўся ў кластар з некалькіх сотняў кампаній, якія працуюць экстэрытарыяльна і праводзяць даследаванні ў галіне штучнага інтэлекту, праграмнага забеспячэння, гульняў і дадаткаў для сектараў аховы здароўя і фінансаў, у тым ліку крыптавалюты і даследаванне блокчейна. Пры гэтым яна таксама застаецца пад строгім ідэалагічным кантролем, а яе кіраванне падпарадкавана дзяржаве. У 2020 годзе пляцоўка стала адной з ключавых у тапаграфіі пратэстаў. У акцыях пратэсту бралі ўдзел многія IT-работні:цы, якія распрацоўвалі розныя тэхналагічныя рашэнні для альтэрнатыўных сістэм галасавання, палітычнай мабілізацыі і акцый салідарнасці. Змешваючы розныя візуальныя артэфакты, 3D-рэндэры, ІТ-працы, палітычныя пратэсты і гісторыі гер:аінь субкультур панка і рэйва, XYANA вядзе экскурсію па гісторыі ПВТ, якая апынулася ў пастцы гістарычных і сучасных супярэчнасцей эмансіпацыі і кантролю.
© Уладзімір Грамовіч: інсталяцыя "Усё забыта, што зямлёй зарыта", 2023
У сваёй мастацкай практыцы абапіраецца на гісторыю мадэрнісцкага мастацтва і архітэктуры, гісторыю ідэйна-палітычных рухаў і трансфармацый гарадской прасторы. Праца Грамовіча, які атрымаў адукацыю прафесійнага мастака-графіка ў , паказваюць на ўзрослы попыт на навыкі рэалістычнага малявання на рынку 3D-мадэлявання і CGI. Да 2020 года адным з асноўных працадаўцаў у IT-сектары была кампанія Wargaming, якая распрацавала анлайн-гульню World of Tanks. Гістарычна гульня аднаўляе танкавыя бітвы праз шматкарыстальніцкую анлайн-структуру і вельмі папулярная ва Усходняй Еўропе. Гэтая гульня з'яўляецца часткай таго, што Грамовіч называе спектральнай тэмпаральнасцю, дзе розныя гістарычныя апавяданні змешваюцца з імперыялістычным успрыманнем прасторы, 3D-мадэляваннем і элементамі сучаснай кібервайны. Яго інсталяцыя "" пазычыла назву з беларускай народнай прымаўкі. У ім ён выкарыстоўвае розныя фрагменты 3D-мадэляў (сумесна з Андрэем Ахтырскім) краявідаў памежжа Беларусі з Літвой, Польшчай, Украінай і Латвіяй. За апошнія 3 гады беларуская мяжа стала месцам перасячэння і гістарычных "разломаў". Мяжу перасеклі палітычныя ўцекач:кі з Беларусі, уцекач:кі з іншых краін (інструменталізаваныя беларускім урадам) і расійскія войскі, якія напалі на Украіну з Беларусі 24 лютага. Лічбавыя, спекулятыўныя і рэальныя карты прытрымліваюцца логікі дэзарыентацыі, дзе палітычныя рамкі суверэнітэту і дзейнасці састарэлі. Цяпер мяжа стала своеасаблівым "валам", бо ўкраінскія войскі падарвалі дарогі і масты, а краіны ЕЗ умацавалі свае межы. Скруткі паперы спасылаюцца на дыялектыку бачнага і непразрыстага ў кібервайне, якая працягваецца, а таксама на імперскае і посткаланіяльнае стварэнне прасторы.
Антаніна Сцебур:
Твор групы "" – гэта серыя камп'ютэрных практыкаванняў, якія грунтуюцца вакол лічбавай памяці і размеркаваных падзей, якія трэба забыць з-за іх канфідэнцыйнага зместу, а дакладней, для бяспекі супольнасці. У той жа час твор з’яўляецца таксама алгарытмічным інтэрактыўным архівам наратываў, якія разгортваюцца ў розных часавых прасторах і мейсцах: дакументальныя кадры інспекцыі працы ў буйной мінскай IT кампаніі па распрацоўцы ваенных кампутарных гульняў; кантэнт, які знік з сервераў інтэрнэт-парталаў; нядаўняе выкарыстаньне беларускай інфраструктуры Расiяй у вайне супраць Украіны; партызаны дыверсіi на чыгунцы ў Беларусі; размеркаваная памяць аб удзельні:цах рэвалюцыйных і партызанскіх выступленняў; выдуманыя жаданыя эканамічныя забастоўкі. Інсталяцыя адсылае да эстэтыкі офісаў і камп'ютэрных клубаў, запрашае гледач:ку прайсці навучальную праграму.
© eeefff: інтэрактыўная інсталяцыя "Тактычнае забыванне", 2021–2023
Перамяшчаючыся па кнопках "зноў", "добра" і "лёгка", карыстальні:цы вызначаюць, колькі яны хочуць запомніць ці забыць матэрыялы, якія яны толькі што праглядзелі і праслухалі. Неглядзячы на тое, што звычайна мы апiсываем запамінанне менавiта як практыку палiтычнага клопату, eeefff пераасэнсоўваюць ролю забывання у палiтычных практыках беларускага пратэсту. Новыя інфраструктуры пратэсту выкарыстоўваюць "забыццё" як адну са сваіх тактык супраціву; напрыклад, аўтаматычнае выдаленне ўсіх паведамленняў у суседніх чатах Telegram з'яўляецца прынцыпам клопату аб бяспецы іх удзельні:ц.
Працягам разважанняў пра пратэстныя iнфраструктуры i iх уплыў на супольнасцi з'яўляецца практыка ананiмнага калектыва "", якi быў створаны як адлюстраванне і спекулятыўнае пашырэнне практык пратэстнага самвыдату распаўсюджанных ад пачатку беларускiх пратэстаў, дарэчы, гэтыя практыкi iснуюць у беларускай прасторы i сёння. "Музей камянёў" заснаваны на калектыўных разважаннях аб пратэстнай актыўнасці жылых кварталаў і альтэрнатыўных інфраструктурах падтрымкі ў Беларусі. "Музей камянёў" пряцягвае разважаннi аб нiзавых структурах салiдарнасцi i дае магчымасць пачуць больш галасоў. Нумары газеты прысвечаны магчымасцям арганізацыі інфраструктур клопату, практыкам "кібернетыкі бедных", якія выступаюць у якасці антытэзы да "высокіх тэхналогій", шматлікія інтэрв'ю з анархіст:камі, прадстаўні:цамі ЛГБТК+ супольнасці і iнш.
© "Музей камянёў": інтэрактыўная інсталяцыя "Музей камянёў", 2021–2023
Для выставы калектыў рэдакцыі "Музей камянёў" стварыў чытацкае і падпольную друкарню, а таксама спецыяльны нумар, прысвечаны поўнамаштабнаму ўторненню Расіі ва Украіну.
У вашай дзейнасці выяўляюцца многія агульныя даследчыя інтарэсы, і ў першую чаргу гэта актывізм у культуры, сеткі салідарнасці і інфраструктуры клопату. Я асабіста назіраў як вы старанна прапрацоўвалі іх у межах нашай доўгай сумеснай куратарскай дзейнасці над праектам "". Можаце пазначыць і іншыя праекты, у рамках якіх вам удалося раней папрацаваць разам і якія яшчэ агульныя кропкі судотыку вы выявілі?
Антаніна Сцебур:
Шчыра кажучы, мы ня так шмат супрацоўнічалі разам. Вядома, мы сутыкалiся і залучаліся ў праекты адзін аднаго: я прымала ўдзел пасіўна альбо актыўна ў "" у 2018, 2019, 2020 годзе, і брала інтэрв'ю ў працоўнай групы, пісала артыкулы аб працах і актыўнасцях, у якія, так ці інакш, быў уцягнуты Аляксей. Хутчэй, нас аб'ядноўвае не колькасць створаных сумесных праектаў, а агульная праблематыка – як канцэптуальная, так і каштоўнасная, цікавасць да мастацтва, якое не проста рэпрэзентуе тую ці іншую праблему, а разуменне мастацтва як набора прылад, якія могуць быць скарыстаны для стварэння новых палітычных актыўнасцях, пошуку меж і прыгнётаў, новых сітуацый. Гэта значыць, палітычны патэнцыял мастацтва як у плане стварэння сэнсаў, так і прадуцыраванне дзеянняў. Акрамя таго, выстава ў Нацыянальнай галерэі Літвы мае спецыфічную тэму – гэта палітычнае асэнсаванне інфраструктуры як месца разыгрывання адносін улады, дыстрыбуцыя гэтай улады, але таксама і пошук тактык супраціва і салідарнасці. Гэта якраз той набор тэм і канцэптаў, якія так ці інакш хвалююць кожную/кожнага з нас. Але як парная куратарская праца – гэта наш першы сумесны досвед.
Фрагмент экспазіцыі выставы "Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў", Mystetskyi Arsenal, Кіеў, 2021
Антаніна, паняцце інфраструктур клопату для цябе праграмна і, мабыць, праяўлена так ці інакш ва ўсёй тваёй дзейнасці: тваім удзеле ў міжнароднай кааліцыі дзеячаў і дзяячак культуры супраць вайны ва Украіне , выступе ў нядаўнім семінары "Глабальнае сястрынства: сеткі салідарнасці і інфраструктуры клопату", куратарстве (напрыклад, выстава аб уключэнні і эмпатыі ""). Раскажы пра гэтыя інфраструктуры, як яны выяўляюцца ў нашым кантэксце, і як ты працягваеш іх даследаваць?
Антаніна Сцебур:
Для мяне клопат адна з найважнейшых палітычных катэгорый, з якой я даўно працую. Дзеля мяне прынцыпова вырваць яе з шэрай зоны нізкааплатнай/неаплатнай жаночай працы, якая звязана з эмацыйнай эксплуатацыяй, хучэй за ўсё нябачнай, а таму такая праца-клопат асэнсоўваецца як няважная і незаўважная. Традыцыйны падзел на прыватную і публічную сферу выводзіць клопат з арсеналу палітычных дзеянняў. Таму так істотна зноў пераасэнсаваць клопат у палітычных катэгорыях. Значнасць клопату як палітычнай катэгорыі пацвярджае таксама і наш досвед пандэміі, досведы пратэстаў у розных краінах – Іране, Сірыі, Турцыі, Егіпце, ЗША і г.д. І ў першую чаргу наш уласны досвед пратэстнага руху ў Беларусі, дзе клопат, у першую чаргу інфраструктуры клопату з'яўляюцца цэнтральным. Пра гэта мы з пісалі ў сваім артыкуле "Як вада. Дынаміка беларускага пратэсту: ад існуючага тэхнічнага базісу да ўтапічных гарызонтаў будучыні" . І хоць палітызацыя клопату, а разам з ім і асэнсаванне грамадзянскай нізавай актыўнасці, як ты дакладна заўважыў характэрна для многіх маіх куратарскіх праектаў. Аднак асэнсаванне клопату як інфраструктуры – гэта тое, чым я займаюся толькі апошнія тры з паловай гады.
Антаніна Сцебур і гурт eeefff (Дзіна Жук і Мікалай Спясіўцаў) падчас прэзентацыі праекта antiwarcoalition.art на выставе у рамках DOCUMENTA 15, Documenta Halle, Касель, 2022
Што ўвогуле азначаюць інфраструктуры клопату? Калі мы кажам пра палітызацыю клопату нам істотна зафіксаваць, што клопат – гэта не разрозненыя асобныя дзейнасці, клопат арганізаваны структурна. Пазіцыі такіх даследні:ц як Сара Ахмед, Джудзіт Батлер, бэл хукс і іншых зыходзіць з разумення чалавечай істоты як прынцыпова канкрэтна:й, цялесна:й актар:кi, не рацыянальнага суб'екта, а чалавека, які прынцыпова далікатны, уразлівы. Адсюль, неабходнасць выбудоўвання і палітызацыя інфраструктур падтрымкі і клопата. Калі ў філосафаў эпохі Асветы, напрыклад, у Гобса, грамадства з'яўляецца, каб перапыніць вайну ўсіх супраць усіх. То сёння мы рэфлектуем аб тым, што чалавек не можа існаваць па-за грамадскімi інфраструктурамi. Мы настолькі звязаны і залежныя ад інфраструктур клопату і падтрымкі, што гэта праяўляецца на ўзроўні біялогіі. Напрыклад, вядома на прыкладзе так званых "дзікіх дзяцей", гэта значыць тых, хто выхоўваўся жывёламі і быў пазбаўлены чалавечых зносін. Калі такiя дзеці жылі ў грамадстве жывёл першыя 3,5–6 гадоў жыцця, яны не былi здольнымi асвоіць чалавечую мову потым. Гэта значыць, мы як чалавечыя істоты знаходзімся ў сітуацыі ўзаемазалежнасці адзін ад аднаго і ад дакладных інфраструктур падтрымкі. Неабходнасць і важнасць пабудовы такіх інфраструктур на ўзроўні нізавых і грамадзянскіх ініцыятыў дэманструе і досвед беларускіх пратэстаў і рэвалюцыі, дзе клопат стаў і, я мяркую, працягвае з'яўляецца цэнтральнай палітычнай характарыстыкай. Аднак гэтая наша выстава не звязана з інфраструктурамі клопату наўпрост. Але працы fantastic little splash, Марыям Медэт, "Музея Камянёў" так ці інакш адсылаюць да інфраструктур клопату. Аднак у выставе ў Вільні нас больш цікавіць матэрыяльнасць інфраструктур: як яны арганізаваны, як праяўляюць і разыгрываюць адносіны ўлады, як звязваюцца розныя лініі каланізацыі і эксплуатацыі, і якім чынам мы можам супраціўляцца гэтым новым/старым формам уладных адносін, якія праяўляюцца праз інфраструктуру?
Аляксей, ты таксама ў сваіх праектах робіш асаблівы ўпор на агульнасці і гарызантальнасці: ты з'яўляешся членам рабочай групы самаарганізаванай платформы "Працуй больш! Адпачывай больш!" і са-ініцыятарам з'яўлення нашай платформы , курыраваў і са-курыраваў праекты аб салідарнасці і пратэстах (напрыклад, "", "" ці ""). Як бы ты сам абазначыў сферу тваіх інтарэсаў? І якія з іх знойдуць сваё ўвасабленне ў рамках твайго супрацоўніцтва з Каталін Эрдодзі (Katalin Erdődi), сумесна з якой ты рыхтуеш біенале Matter of Art у Празе ўлетку 2024 года?
Аляксей Барысёнак:
Асабліва пасля 2020 года мая куратарская практыка факусуецца на стварэнні рамкі для таго, каб думаць як эмансіпацыйны вопыт можа быць артыкуляваны ў так званай пост-сацыялістычнай прасторы і па-за яе межамі. Я стаўлю пад сумнеў адэкватнасць самаго тэрміна пост-сацыялізм для апісання тых неаднардных геаграфій, якія мелі вопыт гістарычнага сацыялізма. Такім чынам, меня цікацівіць сацыяльная арганізацыя часу, палітыка і мастацкія практыкі пад час так званага транзіту. Меня цікавіць як змяняецца паняцце працы і адпачынку, розныя формы працоўнага супраціву, адмова ад працы, забастоўкі. Пасля 2020 году я пісаў шэраг эссе і зрабіў некалькі выстаў на гэтыя тэмы. У гэтым сэнсе над гэтымі тэмамі я і працую над біенале Matter of Art у Празе ў 2024 гаду. Зараз разам з маей са-куратаркай Каталін Эрдодзі мы фіналізуем нашу куратарскую рамку, якая злучае сацыяльныя рухі ў гарадскіх і сельскіх ассяродзях, салідарнасць і антыкаланіальныя падыходы, здароўе і адпачнык працоўных, квір і крып тэорую.
Фрагмент экспазіцыі "Сакрэтны музей рабочага руху", Artist-run space hoast, Вена, 2021
І завяршальнае пытанне аб новай намадычнай рэальнасці – вы ў розны час мігравалі ў Еўропу. Падзяліцеся сцісла прычынамі і гісторыяй траекторый сваіх перасоўванняў, а таксама акрэсліце найблізкія планы.
Аляксей Барысёнак:
Я пераехаў у Вільню ў 2009, каб вучыцца ў , потым жыў і вучыўся ў Стакгольме, а зараз жыву і працую ў Вене. Я заўседы актыўна працаваў у Мінску – асабліва з "Працуй больш! Адпачывай больш!", але і над іншымі праектамі. Зараз калі гэта амаль немагчыма, я працягваю працаваць са шматлікімі мастачкамі і мастакамі, платформамі і ініцыятывамі з Беларусі ў выгнанні. Адзінае, што неяк дапамагае думаць пра ўмоўную будычыню – гэта біенале, у астатнім вайна і рэпрэсіі не даюць такой магчымасці, таму і нейкі гарызонт планавання выглядае як прывілей.
Антаніна Сцебур:
Я, як шмат якiя культурныя працоўнi:цы ў Беларусi даўно iсную на намадычнай падставе – мне падаецца гэта заўжды была сваеасаблiвасць беларускага сучаснага мастацтва. Аднак з 2021 года я не магу вярнуцца ў Менск цi Магiлёў. Мая геаграфiя падарожжаў, як шмат у каго не скончана – Кіеў, Днiпро, Варшава, Берлiн, Вiльня i гэтак далей. Я пару месяцаў таму зразумела, што апошнiя два гады не была нiдзе болей за два тыдня. Згаджусь з Алексеям, мець гарызонт плянаў сёння – гэта вялiкi пывiлей.