"Дыплом" – гэта групавая выстава, арганізаваная рэсурсам "Факультэт агітацыйнай крытыкі" (ФАК) сумесна з выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 2015 года. Выстаўка таксама з'яўляецца жэстам супраць беспраблемнай, адухоўленай і пафаснай выставы ў гонар 70-годдзя акадэміі, якая замест аналізу ўласнай гісторыі прайгравае сваю кансерватыўнасць.
На выставе былі прадстаўлены працы студэнтаў, якія скончылі акадэмію ў тым годзе. У час правядзення праекта ў Акадэміі мастацтваў прайшла абарона дыпломаў гэтых студэнтаў. Выстаўка – гэта спроба адрэфлексаваць праблемы мастацкай адукацыі, устойлівыя міфы пра майстэрства, геніяльнасць і ўзвышанае.
Куратарская група прадставіла архіў практык крытыкі, супраціўлення і рэфлексіі студэнтаў над статусам акадэміі: ключавыя мастацкія творы, акцыі, выставы і стыхійныя пратэсты. Архіў, які складаецца з артэфактаў, дакументаў, фатаграфій і твораў мастакоў розных пакаленняў.