Мастачка пра сябе:
"Я вырасла ў Беларусі, адной з постсавецкіх рэспублік. Тое, што я паходжу з краіны з аўтарытарным мінулым і сучаснасцю, вызначае маю мастацкую пазіцыю. Праблема свабоды асобы ў сістэме кантролю стала адным з галоўных фокусаў у маёй мастацкай практыцы.
Мае цяперашнія праекты таксама былі натхнёныя асабістымі ўспамінамі з 1990-х гадоў. У гэты перыяд распаду Савецкага Саюза адбылася пераацэнка грамадства ў цэлым і яго ідэалагічных каштоўнасцей. У часы фундаментальных перамен у краіне я сама перажыла трансфармацыю асобы, перагледзела свой набор каштоўнасцей і лад мыслення.
Перажыўшы крызіс (у глабальным і асабістым маштабе), я развіла ў сабе цікавасць да аналізу крытычных момантаў/памежных сітуацый. Я падыходжу да гэтых сітуацый не толькі з негатыўнай перспектывы як да моманту краху, але і як да моманту сумленнасці, калі праяўляецца рэальны стан грамадства або асобнага чалавека. Я лічу гэты канкрэтны час (момант пераходу) момантам новых магчымасцей і адкрыцця новых перспектыў.
Яшчэ адна тэма, якую я лічу важнай у сваёй мастацкай практыцы, — гэта моц нашага выказвання. У прыватнасці, я засяроджваюся на гэтай тэме ў праекце Паўсталы з мёртвых (2004-2005).
Праект пачаўся, калі я ўбачыла дакументальнае відэа пра цудоўную гісторыю нігерыйскага пастара Даніэля Экечукву, які быў смяротна пакалечаны ў аўтамабільнай аварыі недалёка ад нігерыйскага горада Анітша 30 лістапада 2001 года.
Падчас драматычнага падарожжа ў бальніцу ў Овэры, Нігерыя, ён перастаў падаваць прыкметы жыцця і пазней быў абвешчаны мёртвым двума рознымі медычнымі работнікамі. Яго жонка не хацела мірыцца з яго смерцю.
Я падзяліла праект на дзве часткі: Частка I складаецца з раскадроўкі (фармат А4, каляровыя чарнілы на паперы) і анімацыйнага фільма. Яна заснавана на сведчаннях пастара Даніэля.
Частка II, заснаваная на сведчаннях жонкі Даніэля, прадстаўлена ў выглядзе інсталяцыі і кнігі, дзённіка, у якім жанчына пакідае свой маналог, апісваючы ўсё, праз што яна прайшла. У гэтай частцы праекта я акцэнтую ўвагу на важнасці тэксту. Тэкст перастае быць часткай малюнка і сам становіцца малюнкам.
Я заснавала сваю канцэпцыю на вершы 1:14 з Евангелля паводле Іаана: “І Слова стала плоццю”.
Гэта вельмі важны момант пераходу з нябачнага свету ў бачны, прамоўленае слова здабыла сваю форму ў матэрыяльным свеце, стала субстанцыяй, якая можа змяніць абставіны.
У гэтай гісторыі жанчына аказваецца ў сітуацыі бяссілля і знаходзіць у сабе моц устаць і абвясціць словы веры. Смеласць жанчыны, якая пераадольвае чалавечыя абмежаванні, і яе баявы дух натхнілі мяне для стварэння гэтага праекта.
Яшчэ адзін праект, у якім я падкрэсліваю сілу гэтага сцвярджэння, — Паўстань, любоў мая!
У гэтай рабоце я разважаю пра крызісную сітуацыю ў цэлым і спосабы яе пераадолення. Для гэтага праекта я стварыла дзве перфарматыўныя работы.
Першая — Паўстань, любоў мая! (арабская версія, 2015). Яна была паказана ў тэатры «Бійльмер-Парк», Амстэрдам у 2015 годзе, у культурным цэнтры “Ізаляцыя”, Кіеў у 2016 годзе, і ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” у Мінску ў 2018 годзе.
Другая работа носіць такую ж назву: Паўстань, любоў мая! (беларуская версія, 2021) — і нядаўна дэманстравалася ў Міжнародным інстытуце сацыяльнай гісторыі падчас панэльнай дыскусіі “Беларусь у пераходны перыяд”.
Я веру, што слова, сказанае ў адпаведны час (“кайрос”), можа паўплываць на станоўчы вынік сітуацыі.
Кайрос — старажытнагрэчаскае слова, якое азначае адпаведны, крытычны або прыдатны момант.
У старажытнагрэчаскай мове ёсць два словы для абазначэння часу: хронас і кайрос. Першае адносіцца да храналагічнага або паслядоўнага часу, а другое азначае адпаведны або прыдатны час для дзеянняў. Калі хронас — колькасны, кайрос мае якасную, пастаянную прыроду.
Я лічу гэты канкрэтны час (момант крызісу/пераходу) момантам новых магчымасцей і адкрытасці да новых перспектыў.
У 2020-2021 гадах, калі ў Беларусі абуджалася грамадзянская супольнасць, я стварыла серыю работ на тэму негвалтоўнага супраціву.
"Змагайся, як дзяўчынка" была створана ў 2020 годзе для выставы "Беларусь. Мастацтва супраціву" ў Амстэрдаме. Цэнтральным элементам гэтай працы з’яўляецца папулярны лозунг жаночага руху “Змагайся, як дзяўчынка” — фраза, якая адлюстроўвае сілу слабасці. Спалучэнне фразы “будзь, як дзяўчынка”, якая азначае слабасць і далікатнасць, з дзеясловам “змагайся” стварае фемінісцкае пасланне, якое вызначае новыя стратэгіі супраціву і тактычныя лініі барацьбы. Мастачка падкрэслівае важную ролю слабасці ў беларускіх пратэстах. Па словах мастачкі, “насценны роспіс быў зроблены, каб прыцягнуць увагу да новага творчага падыходу ў негвалтоўным супраціве, дзе менавіта жанчыны здзейснілі прарыў у барацьбе". – © secondaryarchive.org / Рэдактаркі: Ганна Карпенка і Сафія Садоўская (2022)