Беларускі патрыятычны творчы асяродак у Мінску. Складаўся пераважна з мастакоў і мастацтвазнаўцаў. Існаваў у 1966—1985 гадах.
Утварыўся вакол майстэрні "На Паддашку" Яўгена Куліка, якая знаходзілася на галоўным праспекце Мінску, насупраць будынка КДБ. У майстэрні як дыскусійным клубе збіраліся Лявон Баразна, Зянон Пазняк, Генадзь Сокалаў-Кубай, Міхась Чарняўскі, Міхась Раманюк, Алесь Разанаў, Зміцер Санько, Віктар Маркавец, Алесь Марачкін. Практычным вынікам дыскусій сталі мастацкія выстаўкі, прымеркаваныя да юбілейных датаў беларускае культуры.
Найбольш значныя акцыі — выстаўка да стагоддзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у 1976 годзе і выстаўка да юбілею Міколы Гусоўскага ў 1980 годзе. На апошняй, нягледзячы на актыўнае процідзеянне савецкіх уладаў, мастакі змаглі выставіць творы з традыцыйным беларускім нацыянальным гербам Пагоняй.
У 1980-я гады савецкія ўлады ўчынілі рэпрэсіі ў дачыненні да сябраў асяродка, у тым ліку праз звальненні з працы і ўзмацненне цэнзуры. Нягледзячы на гэта, асяродак працягваў культурніцка-асветніцкую дзейнасць: ладзіліся выстаўкі, сустрэчы, дыспуты. Сярод іншага, тут адзначаліся 100-гадовы юбілей Казіміра Малевіча, юбілейныя гадавіны Вацлава Ластоўскага і Язэпа Драздовіча. Са зменай палітычнай сітуацыі ў Беларусі мастакі асяродку ўтварылі ядро патрыятычнай мастацкай суполкі "Пагоня".