Першая выстаўка "Мастакоў Парыжскай школы з Беларусі" адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у верасні 2012 – студзені 2013 года. У яе экспазіцыю ўвайшлі работы з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, а таксама карціны, афорты і літаграфіі мастакоў Парыжскай школы са збораў прыватных калекцыянераў Беларусі, Расіі і музейных фондаў. Акрамя твораў мастацтва, праект уключае ў сябе адукацыйную частку (біяграфічныя звесткі, дакументы і фатаграфіі), мастацкія інсталяцыі, інтэрактыўную частку ("парыжскае кафэ" з традыцыйным кубкам кавы), дакументальныя фільмы, спецыяльна падрыхтаваныя для праекта, калекцыйныя кнігі. У рамках праекта быў выдадзены каталог выставы і дакументальна-публіцыстычная кніга В. Шчаснага "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі".
Пасля было прынята рашэнне прадоўжыць экспанаванне праекта ў абласных цэнтрах краіны – Гомелі і Віцебску. Восенню 2014 года арт-праект адправіўся ў сталіцу Літвы горад Вільнюс, з якім звязана вучоба і юнацтва такіх майстроў, як Суцін, Крэмень, Царфін, Індэнбаўм, Кікоін і Генін. 11 верасня 2014 года выстава "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі" адкрылася ў Віленскай карціннай галерэі, дзе яе наведалі больш за 12 тысяч чалавек.
Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка сёння прызнана адным з самых буйных збораў работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Многія з набытых банкам твораў мастацтва ўключаны ў 2012 годзе ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.