Арт-праект “Імёны” – у падтрымку аднайменнага медыяпраекта, запушчанага ў красавіку 2016 года – стартаваў у Мінску ў маі 2017, а ў верасні 2017 быў прэзентаваны ў Віцебску. За час працы выставы яе наведала больш за 3 000 чалавек.
10 сучасных беларускіх мастакоў цягам шасці месяцаў размаўлялі з героямі, пра якіх пісаў медыяпраект “Імёны”. Вынікам такога ўзаемадзеяння стаў маштабны арт-праект, на якім прадстаўлены 10 усталёвак, якія расчыняюць важныя сацыяльныя тэмы. Але самае галоўнае – арт-праект “Імёны” – гэта вынік сумеснай працы, руху насустрач адзін аднаму вялікай колькасці неабыякавых людзей: мастакоў і куратараў, журналістаў і экспертаў, прадстаўнікоў дзяржаўных і прыватных інстытуцый.
“Калі мы пачыналі работу над выставачным праектам, мы адштурхоўваліся перш за ўсё ад самога медыяпраекта “Імёны”, ад яго духу, мэт, уплыву, – адзначаюць куратары выставы Антаніна Сцебур і Ганна Карпенка. - Мы задавалі сабе пытанні. Што аб'ядноўвае людзей? І што іх раз'ядноўвае? Як нам здаецца, “Імёны” – гэта медыяпраект, мэта якога складаецца ў фармаванні супольнасці, якую можна ахарактарызаваць як супольнасць неабыякавых людзей. Гэта людзі, якія аб'яднаныя ня проста тым, што, скажам, едуць у адным грамадзкім транспарце. Сувязі паміж героямі, чытачамі, камандай гэтага медыяпраекта значна мацнейшыя, яны будуюцца на ўзаемадзеянні і ўзаемадапамозе. "Імёны" дэманструюць нам, што падобнага роду сувязі фармуюцца не вертыкальна, а гарызантальна. Уся выстава пабудавана на трох ідэях – гэта ідэі ўзаемадзеяння, узаемадапамогі і супольнасці”.
Работы 10 удзельнікаў праекта прадстаўлены ў Брэсце ў выглядзе дакументацыі, фатаграфій, частковых усталёвак і інтэракцый. Такім чынам, у Галерэі прасторы КХ глядач можа ўбачыць карціны 25-гадовага Паўла Рашчынскага, які навучыўся не толькі набіраць тэкст на камп'ютары пальцамі ног, але і маляваць; пачуць аўдыёдзённік мастака Кірыла Дзёмчава, які на два тыдні прывязаў сябе да ложка рамянямі, каб зразумець, што адчувае чалавек, які з-за цяжкай хваробы не можа распараджацца сваім целам, застаючыся фактычна яго закладнікам; пачуць музыку такім чынам, якім яе ўспрымаюць са слабым слыхам людзі ў інсталяцыі Олі Сасноўскай; даведацца, што ляжыць у аснове любой супольнасці, дзякуючы працы Сяргея Шабохіна.
Удзельнікі праекта: Сяргей Шабохін, Маша Святагор, Кірыл Дзёмчаў, Максім Ясінскі, Сяргей Гудзілін, Арт-група Hutkasmachnaa, Оля Сасноўская, Антаніна Слабодчыкава, Андрэй Лянкевіч, Аляксандр Васюковіч і Дар'я Царык.
Галоўная мэта праекта "Імёны" - пабудова супольнасці роўных і розных. Бо грамадзянская ініцыятыва не спускаецца "зверху", яна залежыць ад канкрэтнага дзеяння кожнага з нас.