Выбраныя даты:
1971
Нарадзіўся ў Гродне (БССР, сёння Рэспубліка Беларусь).
З 1987 па 1991 вучыцца ў Мінскім мастацкім вучылішчы ім. А. Глебава (Мінск, Беларусь) у Алы Блізнюк, Наталлі Залознай і Ігара Цішына.
З 1991 па 1992 г. вучыцца ў Беларускай акадэміі мастацтваў, Мінск, Беларусь.
У 1992 годзе прымаў удзел у групавой выставе "Урокі нядобрага мастацтва".
З 1998 па 2004 праходзіць навучанне ў Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў (клас Герхарда Мерца), Дзюсельдорф, Германія.
У канцы 80-х і ў 90-я актыўна займаецца акцыянізмам і перформансам. У 1992 годзе, падчас арганізацыі антыакадэмічнай выставы "Урокі нядобрага мастацтва" (Мінск, Палац мастацтваў, куратар Ігар Цішын), выключаны з манументальнага аддзялення Беларускай акадэміі мастацтваў. З 1994 года спыняе заняткі жывапісам пад лозунгам "Няма экспрэсіянізму" і канцэнтруе сваю ўвагу на канцэптуальным мастацтве, ствараючы аб'екты і інсталяцыі.
Выступае як куратар і арганізатар шэрагу калектыўных выставак у Мінску: Liebschaft (Палац мастацтваў, 1994), "Дом дружбы народаў" (Беларускае таварыства дружбы з замежнымі краінамі, 1995) і Todesschaft (галерэя Шостая лінія, 1997). Пасля абвешчанай на выставе Todesschaft "эвакуацыі" выязджае за мяжу. У 1998 годзе ажыццяўляе сваю апошнюю акцыю, прысвечаную секулярызацыі мастацтва. Разам з Максімам Тымінькам стаў куратарам буйной выставы «ZBOR. Рух беларускага мастацтва», якая прайшла ў Кіеве вясной 2016 года ў Фондзе ІЗАЛЯЦЫЯ.
Прымае ўдзел у шматлікіх выставах у краінах Еўропы.
З 2014 года вядзе хроніку падзеяў актуальнага беларускага мастацтва за мяжой для альманаха pARTisan.
З 2014 года з'яўляецца ўдзельнікам экспертнай рады рэсурсу ZBOR.
Андрэй Дурэйка вядомы ў Беларусі не толькі як мастак, які працуе з формай і тэкстам, ён таксама з'яўляецца экспертам беларускага сучаснага мастацтва, чытаючы лекцыі і збірае падрабязны архіў дзейнасці беларускіх мастакоў.
Скончыўшы аддзяленне вольнага мастацтва – клас Герхарда Мерца – у Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў, мастак звяртаецца да манументальных традыцый мадэрнізму. У сваёй творчасці Андрэй Дурэйка злучае розныя мастацкія прыёмы: ад насценных канцэптуальных роспісаў да рэльефных выяў. Пры гэтым важнае значэнне ў працах Андрэя Дурэйкі аддаецца прасторы (кантэксту) і тэксту, у тым ліку назвам і канцэпцыі.